Радзівіл Альбрэхт — слаўны сын з гнязда Мікалая Фаўстына Радзівіла (да 305-годдзя з дня нараджэння)

Радзівіл Альбрэхт – слаўны сын з гнязда Мікалая Фаўстына Радзівіла

(да 305-годдзя з дня нараджэння)

Князь Альбрэхт Радзівіл нарадзіўся 25 сакавіка 1717 года ў Дзятлаве. Дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, стараста рэчыцкі (1734-1773), генерал-маёр літоўскіх войскаў (з 1755 года).

Ён прадстаўнік нясвіжскай лініі найбагацейшага і знатнейшага літоўскага магнацкага роду Радзівілаў герба Трубы з сям’і Мікалая Фаўстына Радзівіла і Барбары Завішы, атожылак двух знакамітых родаў, якія з даўніх часоў мелі ўладанні да Дзятлаўшчыне.

Быў другім сынам ваяводы наваградскага Мікалая Фаўстына Радзівіла. Меў братоў  Удальрыка Крыштафа, Ежы і Станіслава Радзівілаў. Можна толькі ўявіць сабе, як жылося братам Радзівілам у Дзятлаве ў 18 стагоддзі. Багаты дом, забавы, заняткі з лепшымі гувернёрамі, прыёмы і балі. І, безумоўна, адказнасць перад сваім родам, імкненне прадоўжыць славу і гонар продкаў, дасягнуць вышынь на дзяржаўнай службе, пераадолець канкурэнцыю, выгадна ажаніцца, а калі пашанцуе, то і шчасліва. Абавязковае авалоданне вайсковымі навыкамі, каб пры першай небяспецы выставіць войска, сабранае на ўласныя сродкі, і мужна змагацца на ратным полі. Усё гэта было ў жыцці тагачасных магнатаў. І Альбрэхт не падвёў бацьку і братоў, стаў годным сынам радзімы.

Разам з бацькам і братамі Альбрэхт неаднаразова ўдзельнічаў у палітычных інтрыгах. Час быў неспакойны, Рэч Паспалітая траціла сваю магутнасць, ішла жорсткая палітычная барацьба. Так, у 1733 годзе пасля смерці караля Рэчы Паспалітай Аўгуста Моцнага Альбрэхт Радзівіл з бацькам і братамі выступаў за абранне на польскі пасад саксонскага курфюрста Аўгуста III Веціна, які аказаўся адным з самых слабых каралёў Рэчы Паспалітай. Пры ім неаднаразова зрываліся дзяржаўныя соймы, панавала анархія.

У 1750 годзе Альбрэхт быў абраны маршалкам Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага. Марша́лак трыбуна́льскі – ураднік ў Вялікім Княстве Літоўскім, які абіраўся суддзямі Галоўнага Трыбунала для кіравання паседжаннямі і судаводствам.

З 1754 года Альбрэхт Радзівіл – палкоўнік гусарскай харугвы каралевіча Фрыдрыха Крысціяна, старэйшага сына Аўгуста III.

У 1763 годзе, у перыяд бескаралеўя, стараста рэчыцкі Альбрэхт Радзівіл быў супернікам магнацкай партыі Чартарыйскіх, таксама багатага і вельмі ўплывовага магнацкага роду.  Выступаў супраць абрання на польскі пасад Станіслава Аўгуста Панятоўскага (Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (17 студзеня 1732 – 12 лютага 1798) — дзяржаўны і палітычны дзяяч Рэчы Паспалітай, апошні кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1764-1795).

У 1768 годзе Альбрэхт Радзівіл далучыўся да Барскай канфедэрацыі і быў адным з кандыдатаў на пасаду маршалка канфедэрацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім (Барская канфедэрацыя (1768-1772) – вайскова-палітычная канфедэрацыя Рэчы Паспалітай, абвешчаная ў мястэчку Бар дзеля абароны ўнутранай і знешняй незалежнасці Рэчы Паспалітай, накіраваная супраць расійскай агрэсіі і супраць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага).

У 1770 годзе Альбрэхт Радзівіл быў абраны маршалкам Барскай канфедэрацыі ў Рэчыцкім павеце (маршалак вялікі літоўскі (да Люблінскай уніі 1569 маршалак земскі літоўскі) – адна з цэнтральных пасад у Вялікім Княстве Літоўскім. Кіраваў дваром вялікага князя, прымаў замежных паслоў, найвышэйшых урадоўцаў дзяржавы, назіраў за этыкетам, загадваў прыдворнай стражай і каралеўскай гвардыяй, сачыў за бяспекай манарха, прызначаў дваранаў. Фактычна выконваў функцыі сучаснага міністра ўнутраных спраў).

У той перыяд Альбрэхт Радзівіл быў членам Генеральнай рады Барскай канфедэрацыі. Першы падзел Рэчы Паспалітай адбыўся ў 1772 годзе. Перад ім Расія развязала пытанне аб дысідэнтах, але Сойм адхіліў яе прапановы. Тады Расія і Прусія пайшлі на стварэнне канфедэрацый у Слуцку і Торуні, якія дабіліся прыняцця закону аб раўнапраўі, а таксама пацвердзілі шляхецкія правы. Тады ўжо паўстала каталіцкая шляхта (Барская канфедэрацыя). Але канфедэраты прайгралі вайну з Расіяй, і Аўстрыя, Прусія і Расія падзялілі Рэч Паспалітую. Аўстрыя і Прусія анексавалі частку земляў Польшчы, Расія — Усходнюю Беларусь і Інфлянты. Перадумовамі падзелу былі поўная палітычная анархія ў Рэчы Паспалітай і няздольнасць магнатаў пераадолець рознагалоссі.

Пасля паражэння Барскай канфедэрацыі ў 1772 годзе Альбрэхт Радзівіл выехаў у Сілезію, а адтуль у Італію. Праз пяць гадоў, у 1777 годзе, вярнуўся на радзіму і прымірыўся з польскім каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім.

Невядома, адышоў Альбрэх Радзівіл напрыканцы жыцця ад палітычных спраў ці не, аднак яму пашчасціла не дажыць да моманту знікнення Рэчы Паспалітай з карты Еўропы ў пачатку 1795 года. Тым часам для многіх магнатаў знікненне дзяржавы стала цяжкім выпрабаваннем годнасці і шляхецкага гонару.

Альбрэхт Радзівіл быў жанаты з Ганнай Кунігундай Халецкай, меў трох дачок – Алаізу, Марыю Аляксандру і Барбару, а таксама сына Дамініка Радзівіла.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

708