«ГРАФІКА ГОДА’21»: рэспубліканскі мастацкі праект

17 сакавіка 2022 года ў Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка адкрыецца рэспубліканскі мастацкі праект “Графіка года’21”, у экспазіцыі якой прадстаўлены лепшыя графічныя творы 2021 года. Куратар праекта – Андрэй Басалыга.

Малюнак, акварэль, лінагравюры, літаграфіі, новыя магчымасці лічбавых тэхналогій – увесь дыяпазон творчых падыходаў і тэхнічных эксперыментаў у галіне арыгінальнай і друкаванай графікі можна ўбачыць на новай выставе “Графіка года’21”.

Праект “Графіка года” распачаўся ў 2017 годзе як выстава-конкурс секцыі графікі Беларускага саюза мастакоў. Праект ад пачатку быў накіраваны на папулярызацыю і развіццё графічнага мастацтва не толькі ў беларускай культурнай прасторы, але і на міжнародным узроўні.

З таго часу праект збірае і дэманструе ўсё лепшае, што было створана ў графіцы за мінулы год. На выставе ў Полацку дэманструецца частка праекта, у якую ўвайшлі больш за 70 прац 32 аўтараў.  

У экспазіцыі можна ўбачыць працы пераможцаў у намінацыі друкаванай графікі Марыі Сыракваш (1 месца), Марыі Кошалевай-Ліхота (2 месца), Ганны Мельнікавай (3 месца), у намінацыі арыгінальнай графікі Андрэя Басалыгі (1 месца) і Вольгі Пагарэлавай (3 месца). На выставе прадстаўлены працы Кацярыны Коўзусь і Вольгі Жэбінай, якія атрымалі спецыяльную прэмію куратара праекта.

Усіх прадстаўленых аўтараў аб’ядноўвае глыбіня творчага пошуку, арыгінальнасць вобразных знаходак і яркая індывідуальнасць.

Беларуская школа графікі вядома далёка за межамі нашай краіны, дзякуючы высокаму прафесіяналізму майстроў графічнага мастацтва, з якімі будзе цікава пазнаёміцца як шчырым аматарам, так і прафесійным калекцыянерам.

 

Запрашаем усіх на цікавую і пазнавальную выставу “Графіка года’21”.

667