Да 79-й гадавіны трагедыі Хатыні

Сёння наш народ успамінае страшную трагедыю Хатыні. 79 гадоў прайшло-праляцела над нашай зямлёй з таго страшнага дня 22 сакавіка 1943 года. У Дзятлаўскім краязнаўчым музеі прайшла сустрэча з вучнямі  гімназіі №1, прысвечаная гэтай сумнай даце. На сустрэчы ўспомнілі трагічную гісторыю в.Хатынь, а таксама гісторыю спаленных вёсак Дзятлаўшчыны. 

Гарэла Хатынь…

Палыхалі і твары, і рукі, і вочы.

Сярод пераможнай вясны і святла

Цемра ўпала чарней лютай ночы.

Палалі ў адрыне

І крыкі, і слёзы, і енкі,

Сціскаўся ў камочак ля маці маленькі,

Прасіў паратунку,

У пякельным агні задыхаўся,

І нешта матуля шаптала –

Да мамы туліўся, хаваўся…

Адрына трашчала,

Гарачыя іскры ляцелі,

Ад крыкаў людскіх і ад слёз

Паліцаі шалелі,

Стралялі па тварах,

Па спінах сагнутых стралялі,

А людзі сябе і дзяцей ратавалі…

Ды не ўратавалі…

У небе жаўрук закружыў,

Пазіраючы сумна на поле.

І што ж ты зрабіла з зямлёй нашай,

Доля-нядоля,

З малымі, старымі,

З людскою вясновай надзеяй?

Пад вечар над спаленай вёскаю

Хмары радзелі

І сонца нясмела зірнула

На страшную дзею.

Згарэла Хатынь,

Толькі жыць засталася Надзея

І Вера людская,

І помства ў грудзях непакорных,

І дух чалавечы, ад веку нязломны.

Народ мой скарыць

Не ўдалося нікому – ніколі,

І долю сваю беларусам вяршыць

Па сваёй толькі волі,

Пакуль нам з нябёсаў

Вясновае сонца смяецца,

Пакуль у грудзях нашых

Сэрца бясстрашнае б’ецца.

Алена Абрамчык 22.03. 2022

564