Мікалаю Несцярэўскаму прысвячаецца

Учора, 25 сакавіка, у Дзятлаўскім краязнаўчым музеі прайшоў вечар памяці Мікалая Лаўрэнцьевіча Несцярэўскага. На мерапрыемстве прысутнічалі родныя мастака, сябры, знаёмыя, супрацоўнікі музея, з якімі творца сябраваў.

Мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, кераміст, скульптар, жывапісец. Член Саюза мастакоў СССР (1985) і Беларускага Саюза мастакоў (1986). Сябар клуба “Спадчына” (1984), ганаровы жыхар горада Дзятлава.

Мікалай Лаўрэнцьевіч Несцярэўскі нарадзіўся 31сакавіка 1931г. пад Беластокам у в.Бацюты.

У 1945 годзе сям’я пераехала ў Дзятлава. Шаснаццацігадовым юнаком Несцярэўскі пайшоў працаваць у арцель па вырабу мэблі “Чырвоны Кастрычнік” у Дзятлаве. Быў спачатку вучнем столяра, потым пачаў працаваць самастойна. Умеў зрабіць любую мэблю, сам ствараў эскізы, спрабаваў увасобіць іх у рэальную мадэль.

У 1953г. ў Дзятлаве адкрыўся прамкамбінат. І Мікалай перайшоў туды на работу. А ў 1955г. запрасілі працаваць інструктарам раённага Дома культуры: хлопец добра спяваў, танцаваў, іграў на розных музычных інструментах. Шмат давялося пахадзіць па раёне, выступаючы з канцэртамі. Несцярэўскі арганізаваў свой аркестр, доўга кіраваў ім, іграў на трубе. Некаторы час у Дзятлаўскім Доме піянераў дзейнічаў лялечны тэатр. Ён намаляваў і зрабіў пятрушачныя лялькі. Удалося паставіць некалькі спектакляў, сярод якіх “Казка пра папа і яго работніка Балду” А.С.Пушкіна.

Працуючы інструктарам ў Доме культуры, завочна скончыў Гродзенскае культасветвучылішча (1959) і перайшоў у арцель “Прагрэс” у якасці мастака-афарміцеля. Крыху пазней працаваў настаўнікам працы, малявання і чарчэння ў СШ № 1 г. Дзятлава.

Прызванне мастака закінула Несцярэўскага ў Івянец, на фабрыку мастацкай керамікі і вышыўкі (1963-1965) галоўным мастаком, дзе яму пашчасціла пераняць у вядомых майстроў цудоўнае і старажытнае ганчарнае майстэрства. Адсюль паступіў у Маскоўскі тэхналагічны інстытут на мастацкае аддзяленне. Праз тры гады перавёўся ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1969) на вячэрняе аддзяленне па спецыяльнасці дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Пераехаў у Мінск. Каб атрымаць прапіску, пайшоў на будоўлю. Пасля заканчэння інстытута трапіў на Мінскі мастацка-вытворчы камбінат у якасці мастака-кераміста (1969- 1991).

Мастацтва керамікі стала для Мікалая Лаўрэнцьевіча сэнсам жыцця. Тут ён знайшоў сябе, свой мастацкі стыль. Творы М.Несцярэўскага падарожнічалі на многія выставы, іх фатаграфавалі для часопісаў і кніг. Вырабы мастака аздобілі інтэр’еры многіх будынкаў Мінска, Валгаграда, Гродна, іншых гарадоў. Дэкаратыўныя пласты і фрагменты роспісу інтэр’ера ўпрыгожылі адзін з самых маляўнічых і мастацка завершаных аб’ектаў метро – станцыю “Плошча Якуба Коласа”. Дзякуючы таленту мастака гэтая станцыя стала адной з самых беларускіх па духу, разам са станцыяй “Купалаўскай”. Мікалай Несцярэўскі лічыць сябе беларусам, таму так шмат у яго беларускіх матываў і вобразаў.

Ён займаўся афармленнем магазіна “Мінск” у Валгаградзе, кафэ ў Светлагорску і Салігорску. Працаваў над афармленнем будынка аэропорта “Мінск – 2”. Выканаў узоры ўпрыгожванняў для Рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1995). Сцены Гродзенскага тэатра лялек, дзятлаўскай гімназіі, дзіцячага аздараўленчага цэнтра “Баравічок” таксама ўпрыгожаны творамі М.Несцярэўскага.

Бронзавы барэльеф з выявай Сімона Балівара, быў падараваны кіраўніком нашай дзяржавы Прэзідэнту Баліварскай Рэспублікі Венесуэла Уга Чавесу пад-час яго візіту ў Рэспубліку Беларусь (2010). Гэты выдатны твор мастацтва стаў сведчаннем узаемнай цікавасці нашых народаў, імкнення да ўмацавання сяброўства і супрацоўніцтва.

Работы таленавітага майстра знайшлі сваё месца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Раўбічскім музеі народнага мастацтва, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, у фондах Беларускага саюза мастакоў, у Музеі выяўленчага мастацтва ў Старых Дарогах (фонд А.Белага), у музеях за межамі Беларусі, ў многіх грамадскіх памяшканнях і прыватных аматарскіх калекцыях. Але самы важкі ўклад у мастацкую скарбонку майстра зрабіў для Дзятлаўшчыны.

Фонды Дзятлаўскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея налічваюць звыш 300 музейных прадметаў, улічваючы, што амаль усе перададзены мастаком у дар музею. Галоўным унёскам Мікалая Лаўрэнцьевіча ў фонды музея з’яўляюцца: калекцыя дэкаратыўных скульптур аб’ёмных форм; серыя керамічных плакетак дзяржаўных дзеячоў Старажытнай Беларусі і Вялікага Княства Літоўскага – Полацкіх князёў, вялікіх князёў Літоўскіх і каралёў Рэчы Паспалітай, а таксама галерэя керамічных партрэтаў дзеячоў Беларускага Адраджэння, сучасных вучоных і дзеячоў мастацтва, сяброў клуба “Спадчына”.

У творчым багажы мастака было шмат выстаў і пленэраў. У 1991, 1996, 2001, 2006, 2011, 2016 гадах у Палацы мастацтваў г. Мінска і гісторыка-краязнаўчым музеі г.Дзятлава праходзілі яго юбілейныя выстаўкі. З Дзятлаўшчынай мастака яднала многае. Тут прайшлі яго юнацкія гады (пасля таго як сям’я пераехала ў 1945 годзе з Польшчы), тут адкрасавала яго маладосць. Тут ён пачаў свой працоўны шлях, адсюль пайшоў, як кажуць, у “вялікі свет”. Сюды клікала незабыўнае ў жыцці: магілка маці, родныя, сябры.

25 сакавіка 2021 года Мікалая Лаўрэнцьевіча не стала.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

583