«Роднай прыроды мілыя рысы»

Выстава мастака Алега Стасевіча з Барысава «Роднай прыроды мілыя рысы” адкрылася ў Дзятлаўскім краязнаўчым музеі.

Яго натхненне – беларускі пейзаж. Мастак Алег Стасевіч стварыў цыкл карцін, прысвечаных родным краявідам. Лясы і рэкі, маленькія вёскі, стагі сена і коні на лузе – ад усіх палотнаў вее беларускім спакоем і цеплынёй. Кожная праца – своеасаблівае прызнанне аўтара ў любові да роднай прыроды.

Мастак - пейзажыст не мае акадэмічнай адукацыі. Любоў да колеру і фарбаў ён пераняў ў першага настаўніка яшчэ ў гады вучобы ў школьнай студыі выяўленчага мастацтва. Аднак толькі праз дзесяцігоддзі Стасевіч перайшоў ад сузірання да дзеяння і ўзяўся за пэндзаль. Натхнёны творчасцю любімага Шышкіна пачаў ствараць уласную жывапісную гісторыю.

Свае шматслойныя краявіды мастак малюе ў пастознай, корпуснай тэхніцы. Шчыльныя мазкі фарбы ствараюць рэльефнасць, праз якую можна нібы зазірнуць у глыб карціны, адчуць шолах лістоты, шум лесу – любімы прадмет малюнка мастака.

Часам ён працуе з фотаздымкаў – інтуітыўна да прыродных рэльефаў, якія трапляюць у аб'ектыў, дадае ўласнае бачанне і фантазіі. Натхненне шукае вакол сябе, побач з уласным домам, у лесе, на лузе.

Закаханасць мастака ў родны край дазваляе яму ствараць праўдзівыя сюжэты, якія сёння знаходзяцца ў прыватных калекцыях і галерэях Нямеччыны, Італіі, Кітая, Аўстрыі, Англіі. Ацаніць творчасць пейзажыста  змогуць і дзятлаўчане.

Выстава будзе працаваць з 5 красавіка па 10 мая 2022 года.

Падрыхтавала Абрамчык Алена, старшы навуковы супрацоўнік музея

579