Беларускае Падзвінне: кароткі агляд навуковай канферэнцыі

28–29 красавіка 2022 г. у Полацкім дзяржаўным універсітэце прайшла VI Міжнародная навуковая канферэнцыя «Беларускае Падзвінне: вопыт, методыка і вынікі палявых і міждысцыплінарных даследаванняў». Яна была прысвечана знакавым падзеям у гісторыі рэгіёна – 1160-годдзю Полацка, 1030-годдзю Полацкай епархіі, 210-годдзю Полацкай акадэміі і 55-годдзю Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. У канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, архіваў і музеяў Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы, Германіі, Аўстраліі. Праца навуковага форуму была арганізавана па чатырох секцыях. У 3-х з іх прынялі ўдзел супрацоўнікі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка – І.П. Воднева, загадчык Краязнаўчага музея; Ю.А. Аўсейчык, старшы навуковы супрацоўнік Краязнаўчага музея; І.У. Магалінскі, старшы навуковы супрацоўнік навукова-рэстаўрацыйнага аддзела НПГКМЗ, кандыдат гістарычных навук; А.А. Салаўёў, вядучы навуковы супрацоўнік навукова-рэстаўрацыйнага аддзела НПГКМЗ; Л.Р. Калбека, старшы навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела НПГКМЗ; І.А. Бортнік, старшы навуковы супрацоўнік Музея беларускага кнігадрукавання, кандыдат філасофскіх навук.

У рамках канферэнцыі быў арганізаваны «круглы стол» па тэме «Актуальныя праблемы ў даследаванні Вялікай Айчыннай вайны», у якім прыняў удзел С.П. Копыл, загадчык Музея баявой славы г. Полацка. Пытанні, разгледжаныя на навуковым форуме, актуальныя і новыя, як па змесце, так і па іх прадстаўленні. На канферэнцыі таксама прайшлі прэзентацыі манаграфіі Д.У. Дука «Віталітыўная культура насельніцтва Полацка (па дадзеных актавых кніг магістрата 1656-1657, 1676, 1727 гг. і рэвізіі 1765 г.)», калектыўнага навуковага выдання Інстытута гісторыі НАН Беларусі «Інстытут беларускай культуры: 1922–1928 гг.», сумеснай працы расійска-беларускага калектыву даследчыкаў «Народ і ўлада: акупанты, калабаранты і партызаны на памежнай тэрыторыі Беларусі і Паўночнага Захаду Расіі ў 1941–1945 гг.», зборніка архіўных матэрыялаў «Без тэрміна даўнасці. Беларусь: злачынствы нацыстаў і іх памагатых супраць мірнага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны. Віцебская вобласць».

615