90 год Міколу Прашковічу

4 мая спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння беларускага літаратуразнаўца Міколы Прашковіча (1932–1983).

Нарадзіўся Мікалай Іванавіч Прашковіч 4 мая 1932 г. у в. Гарадзішча Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці. У 1952 г. паступіў на аддзяленне рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ, але з 4-га курса перавёўся на беларускае аддзяленне, якое скончыў у 1957 г. У 1960–1963 гг. вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры АН БССР. З кастрычніка 1963 г. малодшы навуковы, у 1969–1974 гг. – старшы навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. У 1965 г. (фактычна – у канцы 1964-га) абараніў дысертацыю на атрыманне навуковай ступені кандыдата філалагічных навук. Тэмай яго даследавання стала ранняй творчасць Сімяона Полацкага. І гэта першая айчынная дысертацыя, прысвечаная славутаму палачаніну.

Мікола Прашковіч вядомы як адзін з аўтараў кніг «450 год беларускага кнігадрукавання» (1968), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (1968), «Очерки истории философской и социальной мысли Белоруссии (до 1917 г.)» (1973), а таксама шматлікіх публікацый у перыядычным друку: артыкулаў, рэцэнзій, перакладаў з украінскай мовы.

Варта зазначыць, што адно з важнейшых месцаў у дзейнасці М. Прашковіча як даследчыка старажытнай беларускай літаратуры займала постаць Ф. Скарыны. У 1970 г. паспела пабачыць свет адзіная яго кніга – «Францішак Скарына – беларускі першадрукар», выпушчаная выдавецтвам «Народная асвета».

Па ўспамінах усіх, хто яго ведаў, гэта быў чалавек надзвычай шчыры, адкрыты і даверлівы. Любога, хто загаварыў з ім па-беларуску, аўтаматычна лічыў за свайго, мог запрасіць да сябе ў госці і раскрыць перад ім душу.

Блізкае сяброўства звязвала Міколу Прашковіча з Уладзімірам Караткевічам, які прысвяціў Прашковічу верш «Маленне аб чашы» (1965).

Беларусь мая, ты адзіная,

Перад кім на каленях стаю:

Мне, слузе твайму, цяжка загінуць,

Лёгка – жыць у славу тваю.

Лёгка з песняй глядзець у вочы,

Цяжка – кроўю расіць чараты…

Ўрэшце, як сабе ты захочаш,

Ўрэшце, як сабе вызначыш ты.

Прарочым аказалася прысвячэнне гэтага верша менавіта Міколу Прашковічу, які ў 1974 г. быў звольнены з працы ў Акадэміі навук. Далейшы яго лёс склаўся вельмі трагічна. Таленавіты літаратуразнаўца працаваў грузчыкам у гастраноме, карэктарам у рэдакцыі часопіса «Родная прырода» і газеты «Вячэрні Мінск». Душэўны надлом адбіўся на здароўі, і ён захварэў на параліч ног. У 1982 г. пераехаў у родную вёску Гарадзішча і трагічна загінуў пры пажары 2 лютага 1983 г., не здолеўшы выбрацца з агню.

У фондах Музея-запаведніка захоўваецца даволі значная калекцыя выданняў, звязаных з Міколам Прашковічам – у асноўным кнігі і часопісы з яго артыкуламі. А таксама рукапіс той самай дысертацыі, прысвечанай Сімяону Полацкаму.

672