Прэзентацыя новых выданняў пра Полацк

У апошнія дні мая старажытнейшаму гораду Беларусі — Полацку — споўнілася 1160 год. У рамках святкавання юбілею горада Музей беларускага кнігадрукавання правёў прэзентацыю двух новых выданняў, прысвечаных Полацку:  «Полацк. Першая сталіца» і «Полацк. Крыніца ведаў і асветы прамень». Іх аўтар — Уладзімір Аляксеевіч Ліхадзедаў, палачанін, гісторык, калекцыянер, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне».

Заснаваная на яго асабістай калекцыі старых паштовак і фатаграфій беларускіх гарадоў, серыя з больш чым 40 кніг папоўнілася адразу двума альбомамі. Іх асаблівасцю з'яўляецца наяўнасць выяў не толькі паштовак і здымкаў, як у папярэдніх кнігах, але і прадметаў з калекцыі аўтара. Ад медалёў і абразкоў, кніг і разных фігур да прадметаў побыту і асабістых рэчаў палачан, што жылі, вучыліся і працавалі ў Полацку ў розныя стагоддзі.

Выданне ажыццёўлена ў межах сумеснага праекта Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь  і У. А. Ліхадзедава «Бацькаўшчына». Тэкст выданняў на беларускай, рускай і англійскай мовах. Камплект з дзвюх кніг у падарункавым куфры аўтар падпісаў і ўрачыста перадаў у фонды Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

596