Паэзія — душы яе крыніца (да 65-годдзя Алы Нікіпорчык)

Паэзія – душы яе крыніца

Ала Нікіпорчык. Беларуская паэтка, выкладчыца роднай мовы, жанчына, у душы якой змясціўся цэлы Сусвет, наша зямлячка. Яе імя пачула, яшчэ працуючы ў гімназіі №1, але сустрэцца давялося значна пазней, у 2019 годзе, калі паэты і пісьменнікі Гродзеншчыны сабраліся на чарговае абласное паэтычнае свята ў Зачэпічах. Прысутнічалі на ім паэткі Ала Петрушкевіч і Ала Нікіпорчык з абласнога цэнтра, чыталі вершы. Падчас свята і разгаварыліся, дамовіліся, што наладзім сустрэчу ў музеі, аднак пандэмія перашкодзіла, так сустрэча і не адбылася. Усё ж сталі сябрамі на Фейсбуку, перапісваліся час ад часу. І вось наспеў юбілей паэткі, 65 гадоў якой спаўняецца 11 чэрвеня. І, безумоўна, Дзятлаўшчына не можа не прыняць удзел у віншаванні, бо паэтаў на нашай зямлі не так і шмат, тым больш прызнаных, вядомых шырокаму чытачу.

Яе малая радзіма – жывапісны куточак Дзятлаўшчыны, вёска Капці, што прытулілася сярод лясоў Ліпічанскай Пушчы, ціхая, лагодная, як і сама наша Дзятлаўшчына, вёска партызанская і легендарная, якая была знішчана ў самым пачатку акупацыі Дзятлаўшчыны, але адрадзілася ў пасляваенны час.

У 1979 годзе Ала Дзмітрыеўна скончыла філалагічны факультэт БДУ, працавала настаўніцай у сельскай школе. Адкрывала сваім вучням захапляльны свет літаратуры і пісала сама. Не пакінула яе творчае натхненне і пасля пераезду ў Гродна.

Упершыню дзятлаўчане змаглі патрымаць у руках яе зборнік вершаў “Сляза і малітва” (Мінск: Кнігазбор) у 2006 годзе.  Ён ёсць у фондах нашага музея. А праз год выйшаў яшчэ адзін “Пад бахаўскую такату дажджу” (Мінск: Кнігазбор, 2007). Па запрашэнні Цэнтра беларускай культуры ў складзе дэлегацыі пісьменнікаў Гродзеншчыны Ала Нікіпорчык неаднаразова наведвала Польшчу, дзе выступала перад студэнтамі-філолагамі Беластоцкага ўніверсітэта і навучэнцамі беларускага ліцэя ў Гайнаўцы. Была таксама ўдзельнікам III Міжнароднага фестывалю рускай паэзіі, які адбыўся ў Брэсце. Выступае з вершамі і літаратурна-крытычнымі артыкуламі ў айчынным і замежным друку: у рэспубліканскіх часопісах “Полымя”, “Маладосць”, у газеце “Літаратура і мастацтва”, у польскім “Studia wschodnioslawianskie”, у беластоцкім беларускамоўным часопісе “Тэрмапілы”. Аўтару блізкая духоўнахрысціянская тэматыка, таму яе творы з’яўляліся ў часопісах “Аvе Маrіа” і “Наша вера” (Мінск).

Паэтка актыўна працуе ў стылі верлібра (свабоднага верша), які шырока распаўсюджаны ў еўрапейскай паэзіі. Прэмія аблвыканкама імя Аляксандра Дубко “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” за 2010 год прысуджана ёй у намінацыі “Пісьменнік года” за кнігу “На грани – счастья”. Сюды ўвайшлі вершы розных гадоў, напісаныя на рускай мове. Гэта глыбокія і пранікнёныя словы аб каханні, роздумы аб сэнсе жыцця чалавека. У аснове вершаў Алы Нікіпорчык – уражанне, далікатныя рухі душы, з якіх вынікае думка, глыбокая і парывістая.  Творчай асобе першапачаткова наканавана адзінота, таму што менавіта яна дазваляе творцу раскрываць сябе, спасцігаючы вечныя ісціны. Паэтцы ўдаецца стварыць настрой, напружанасць аповяду, карыстаючыся толькі інтуіцыяй, і дазволіць чытачу самому дадумаць, адчуць, зразумець.

Слова летели, будто стрелы,
Слова услышаться хотели,
Слова, как листья пожелтели,
Слова, как листья облетели
И неуслышанными умерли.

Сэнс яе паэтычных пошукаў – знайсці словы і вобразы, якія змаглі б перадаць глыбіню душэўных перажыванняў. Рускамоўныя вершы друкаваліся ў часопісах “Немига новая литературная” (2008, № 6) і “Неман” (2009, № 5).

Нямала вершаў паэткі прысвечана святыням роднага краю. “Полацкія сны”, “Трыпціх – да Каложы”, “Спроба акафіста Божай маці”.

Спадзяёмся, што сустрэча дзятлаўчан, аматараў паэтычнага радка, з нашай таленавітай зямлячкай абавязкова адбудзецца ў музеі і мы зможам павіншаваць яе з юбілеем асабіста.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

578