Музейна-педагагічны занятак: «Лунінецкі рэкорд — для Гінэса»

Музейна-педагагічны занятак: «Лунінецкі рэкорд – для Гінэса».

75 разоў дасягненні славутага беларускага асілка Вячаслава Харанекі заносіліся ў кнігу рэкордаў Гінеса. А першы такі рэкорд быў устаноўлены ім у снежні 1991 года ў зале Лунінецкага РДК. І вось цяпер – чарговае, 76-е дасягненне атлета: у прысутнасці чатырох суддзяў міжнароднай катэгорыі, пад музыку ў выкананні Ігара Лучанка Вячаслаў, седзячы ў шпагаце, за 4 хвіліны 50 секунд 53 разы штурхнуў двухпудовую гіру (на 2 разы больш за свой жа папярэдні вынік). Зала ГДК авацыяй сустрэла новы рэкорд, дзякуючы якому, наш горад можа трапіць у знакамітае гінесаўскае выданне.

А адбылася гэтая падзея ў час пятага чэмпіянату Беларусі па цяжкай атлетыцы сярод ветэранаў, што прайшоў у Лунінцы. Год назад славутыя чэмпіёны завіталі ў Мікашэвічы. Як і год назад, В. Харанека паказаў фрагменты свайго ўнікальнага сілавога комплексу з гірамі, з якім выступае па свеце. Зноў прагучала невялікае выступленне І.М. Лучанка, разам з якім спяваў і двухразовы чэмпіён Еўропы сярод ветэранаў, 71-годовы Віктар Фёдаравіч Кавалёў (па-італьянску, дарэчы).

Якраз В.Ф. Кавалёў і стаў на гэты раз чэмпіёна Беларусі. Усяго ж удзел у чэмпіянаце прымалі 14 цяжкаатлетаў, уладальнікаў многіх тытулаў, з якіх самы важкі – алімпійскі залаты медаль 1976 года Валерыя Пятровіча Шарыя. Падтрымаць сваіх таварышаў выйшаў на памост нават траўміраваны напярэдадні былы рэкардсмен свету Эдуард Дзергачоў з Мінска. Разам з тытулаванымі асілкамі змагаўся за перамогу і добра вядомы лунінчанам былы старшыня калгаса “Расія” Мікалай Максімавіч Канюшык, цяперашні кіраўнік абласнога аб`яднання “Хлебапрадукты” і адзін з арганізатараў чэмпіянату (разам з аддзелам па фізкультуры, спорту і турызму нашага райвыканкама).

Спаборніцтвы праходзілі па наступнай схеме. У залежнасці ад сваёй вагі і ўзросту, якія таксама ўлічваліся пры падвядзенні вынікаў, спартсмен выбіраў сабе вагу штангі. Па кожнаму з абодвух практыкаванныў – штуршку і рыўку – ва ўдзельнікаў было па тры спробы. Вага штангі ў рыўку вагалася ад 60 да 115 кілаграмаў, у штуршку – ад 75 да 145 (а ўзрост спартсменаў, дарэчы, ад 45 да 71 года). І вось суддзі на чале з Віктарам Ладусем абвясцілі пераможцаў. “Золата” дасталося В.Ф. Кавалёву, другое месца ў мінчаніна Уладзіміра Кавцкага, трэцяе – у 62-гадовага кандыдата навук з Гомеля Аляксея Фяськова. На наступных месцах эдуард Жыгалка, Валерый Шарый, Уладзімір Галавач, Леанід Каранеўскі, Віктар Бянкевіч, Анатоль Туромша і г.д. Пераможцы былі адзначаны прызамі Лунінецкага райвыканкама, якія ўручыў яго старшыня А. І. Волчак, падкрэсліўшы, што такія спаборніцтвы і рэкорды – падарунак юбілейнаму Лунінцу.

На адной сцэне са славутым кампазітарам атрымалі магчымасць выступіць у гэты вечар вучні Лунінецкай музычнай школы М. Кавалевіч, У. Жук, А. Пажывілка, іх педагогі В. Катуша, Э. Белавус, В. Савінкіна, Н. Мурко.

Дарэчы, лунінецкі чэмпіянат і рэкорд В.Харанекі здымаў для сваёй тэлеперадачы “Асілак” папулярны вядучы Уладзімір Іванавіч Даўжэнка. Сачыце за блакітным экранам!

Крыніца: Лунінецкія навіны. 4 мая 1999. В.Жылко

555