Музейна-педагагічны занятак: «З крыніц народных» (1 частка)

Музейна-педагагічны занятак: «З крыніц народных» (1 частка)

Лунінецкі раён па дарэвалюцыйным дзяленні ўваходзіў у Пінскі павет Мінскай губерніі. Апублікаваных фальклорных запісаў, зробленых у Пінскім павеце, нямала. Але ў сувязі з адсутнасцю ў іх дакладнай пашпартызацыі вылучыць народна-паэтычныя творы цяперашняга Лунінецкага раена немагчыма. Аднак і па сучасных запісах відаць, што адрозненні ў фальклоры Пінскага і Лунінецкага раенаў нязначныя.

У асяроддзі сялян лунінецкіх весак добра захавалася паэзія земляробчага календара. У ХІХ ст. многія абрады і звычаі, у якія арганічнай часткай уваходзілі песні і іншыя вусна-паэтыныя творы, выконваліся паўсюдна. Яны мелі ўтылітарна-магічнае прызначэнне: павінны былі садзейнічаць ураджаю на палях, прыплоду і здароўю жывелы ў хлявах і дабрабыту сям`і. Гэта функцыя ў той час ужо не зусім выразна ўспрымалася і паступова ўступала сваю дамінантную ролю пацяшальнай.

Каляды. Сельскагаспадарчыя клопаты яскрава выяўляліся ў абрадах і паэзіі зімовага цыкла. На Каляды гурты моладзі хадзілі ад хаты да хаты і віншавалі гаспадароў, спявалі велічальныя і жартоўныя песні. У гурт уваходзілі: пачынальнік, або запявала, скрыпач, певуны, механоша. Адзін з каляднікаў пад акном або пад дзвярамі пытаўся ў гаспадароў дазволу спяваць каляду. “Ці дома пан гаспадар? Ці веліш, пане гаспадару, каляду заспяваці, ці так каляды даці?”. Атрымаўшы дазвол калядаваць, пытаюцца: якую заспяваць песню. Далей гаспадар гаварыў, што пець. Спявалі звычайна пад вокнамі, некаторыя ж запрашалі ў дом. “…Рэдка хто просіць спяваць больш адной песні, таму што ў такім разе атрымліваецца большае ўзнагароджанне. Звычайна за адну песню даюць пірог, за дзве – два, а ў заможных дамах, апрача пірагоў, даюць каляднікам грошы, каўбасы і сала, частуюць і гарэлкай. Ходзяць каляднікі з вечара да самага рання”.

Веснавы абрад. З веснавога цыкла земляробчага календара лакалізаваны былі куставыя песні. На другі дзень Тройцы дзяўчаты прыбіралі галінкамі з кляновымі лістамі маладую дзяўчынку, якую называлі Кустом, і ўсім гуртом рухаліся па вуліцах да пэўных хат, на іх дварах спявалі песні. У адной з такіх песень згадваецца вёска Багданаўка:

Да, чэраз сяло Богдановское
шло войско все ж дзявоцкое,
да, Каменчане не здывіліса,
шчо в Богдановцэ парадзіліса.

Бог вам даў, Богдановічкі,
што ў вас куты ўсё кляновые,
а вяночкі всё ж пярловые.

А ў нас кусты всё лозовые,
а вяночкі всё ж берузовыя.

З веснавых песень вылучаюцца траецкія, якія спяваліся, калі дзяўчаты вадзілі карагоды. Пераважае ў іх тэма шлюбу, што абумоўлена ўплывам вясны: “Поле, якое красуецца засеяным хлебам, лугі са сваей зяленай муравой і духмянымі кветкамі, лес, які апрануўся ў рознакаляровае адзенне, сонца са сваімі прыветлівымі і жыватворнымі праменнямі, нязмоўчны хор розных пушак – усе гэтае хараство ўзбуджае ў душы дзяўчыны адчуванне яе адзіноцтва мацней, чым калі-небудзь; у той час калі наогул жыцце становіцца паўнейшым, дыхаецца лягчэй, на душы становіцца весялей, дзяўчына мацней адчувае патрэбнасць замужжа. Таму траецкія песні перапоўнены жаданнем дзяўчыны выйсці замуж”.

Труйца, Труйца, Свята Богородыца!
Просыю жыто, да нэхай зародыць;
Просыю жыто, посыю пшэніцу:
Зароды, Божэ, усякаму пашныцу;
Шчо зародыцца, то для мого бацюхна,
Шчо не зародытца, то для мого свекорка.
Солодок мэдок, то для моюй свекрокі.

Утылітарна-магічная  функцыя раней дамінавала і ў гэтых песнях і абрадавых дзеяннаях – і ў абходах двароў вёскі з Кустом пад песні гурта дзяўчат (дарэчы, дзяўчыну-Куст нярэдка ўпрыгожвалі зяленымі галінкамі на голае цела, што павінна было стымуляваць ураджай на полі, і пладавітасць жывела ў хляве), і ў завіванні вянкоў, і ў хараводах і г.д.

558