Збіраць па кропельцы

Збіраць па кропельцы

Такі прынцып назапашвання матэрыялу самы дзейсны. Сапраўды, па кропельцы, па кропельцы – і будзе цэлы артыкул. А навошта? Ды проста ўсё – каб не забываліся пра чалавека. Знакаміты зямляк, прафесар, аўтар кніг, а ў матэрыялах пра слынных землякоў Дзятлаўшчыны пра яго два радкі і ніводнага фотаздымка. Несправядліва.

У фондах музея ёсць такія-сякія копіі дакументаў, выразкі з газет, рукою самога героя аповеду напісаная аўтабіяграфія, нешта ёсць на прасторах інтэрнэта. Застаецца скампанаваць і… Няхай землякі чытаюць. Магчыма, хтосьці яго помніць, патэлефануе, распавядзе нешта цікавае.

Хто ж ён, Герус Аляксей Іванавіч?

Нарадзіўся будучы вучоны 26.09.1932 года ў вёсця Юзафіны Дзятлаўскага раёна ў сям’і селяніна.

У сямігадовым узросце паступіў у першы клас Селівонкаўскай пачатковай школы, чатыры класы скончыў у 1946 годзе. У гэтым жа годзе паступіў у пяты клас Новаяльнянскай сярэдняй школы і скончыў у ёй 7 класаў. У 1949 годзе паступіў на 1 курс Баранавіцкага медвучылішча. У 1951 годзе з трэцяга курса вучылішча быў прызваны ў рады Савецкай Арміі. Службу праходзіў у якасці санітарнага інструктара спачатку на тэрыторыі СССР, а пазней на тэрыторыі МНР. Пасля дэмабілізацыі ў 1954 годзе зноў паступіў на 3 курс Баранавіцкага медвучылішча, якое скончыў у 1956 годзе. Атрымаў дыплом з адзнакай, увайшоў у 5% выпуск і адразу паступіў у Мінскі медінстытут, які скончыў у 1962 годзе. У час вучобы працаваў фельчарам у першым клінічным аддзяленні.

Пасля заканчэння інстытута быў накіраваны на працу ў Навамышскую раённую бальніцу Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, дзе працаваў у якасці намесніка галоўнага ўрача па лячэбнай частцы і па сумяшчальніцтве хірургам. За час працы ў бальніцы прайшоў дзве перападрыхтоўкі па спецыяльнасці агульная хірургія, артапедыя і траўматалогія на базе інстытута ўдасканалення ўрачоў у горадзе Мінску.

У кастрычніку 1964 года паступіў у аспірантуру пры кафедры нармальнай анатоміі чалавека Мінскага медінстытута, якую скончыў у 1967 годзе. У 1965 годзе стаў членам КПСС. Пасля заканчэння аспірантуры на працягу года працаваў асістэнтам кафедры нармальнай анатоміі чалавека Мінскага медінстытута. У 1968 годзе Міністэрствам аховы здароўя БССР накіраваны ў якасці выкладчыка анатоміі чалавека ў Мінскі інстытут фізічнай культуры. У гэтым жа годзе саветам інстытута зацверджаны старшым выкладчыкам на кафедры анатоміі.

У 1970 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на ступень кандыдата медыцынскіх навук па тэме “Развіццё сасудаў і нерваў у зрашчэннях паміж тонкай кішкой і вялікай паяснічнай цягліцай”. У 1972 годзе выбраны дацэнтам кафедры анатоміі Мінскага дзяржаўнага інстытута фізічнай культуры.

Доктарскую дысертацыю на тэму “Уплыў гіпакінезіі і інтэнсіўнай фізічнай нагрузкі да мяжы на звёны рэфлекторнай дугі і сасудзістую сістэму” абараніў у 1990 годзе ў Кіеве, у 1993 годзе атрымаў званне прафесара.

Працуючы ў інстытуце, выконваў значную грамадскую работу: намесніка сакратара партыйнага бюро педагагічнага факультэта, партгрупорга кафедры анатоміі, намесніка старшыні групы народнага кантролю інстытута, члена метадычнага савета гарадскога таварыства “Веды”, адказнага сакратара беларускага таварыства анатамаў, гістолагаў і эмбрыёлагаў, пазаштатнага інструктара абласнога камітэта народнага кантролю Мінскай вобласці, члена добраахвотнай народнай дружыны.

Меў дзвюх дачок – Аксану (1961) і Юлію (1969). Старэйшая скончыла Мінскі медыдынскі інстытут. Памер 28.09.1993 года.

Звесткі з розных крыніц сабрала Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

533