Бульбяны фэст

Падзеі мінулага тыдня

Бульбяны фэст

Зноў,  у пачатку жніўня, адбыўся бульбяны фэст у Германавічах, які мае прыгожую назву “Мой край, мой рай бульбяна-жытны”

А чым не рай? Бульба ўрадзіла, збажына – таксама. А вакол такая прыгажосць: ласкава свяціла сонейка, павяваў лагодны ветрык,  спявалі птушкі. Не саступалі ім у сваіх спевах шаркаўшчынскія і германавіцкія артысты. Прагучала  таксама песня  ў гонар заснавальніка свята краязнаўцы Райчонак Ады Эльеўны.

А яшчэ “Бульбяны фэст” – гэта месца сустрэч, куды з розных куткоў Беларусі сабраліся госці. Шмат было дзетак і дарослых, людзей сталага веку.

Літаральна ўсіх цікавіў працэс прыгатавання дранікаў на калодзе. Прафесіяналы гэтай справы Мая Якімовіч і Аксана Пажарская давалі майстар-клас і шчыра частавалі гасцей духмянымі, сакавітымі, залацістымі, прыгатаванымі з бульбы новага ўраджаю, дранікамі. А да іх яшчэ  мачанка!

Галоўны момант свята – конкурс “Бульба-шоу”, удзельнікамі якога ў гэтым годзе сталі ўстановы культуры і ініцыятыўныя грамадзяне. Дыпломамі  ў розных намінацыях адзначаны Вялікасельскі сельскі клуб, Германанавіцкі ЦК і НТ, мастацка-этнаграфічны музей імя Я.Н.Драздовіча. Прыгожае выступленне падрыхтавалі ўдзельнікі    вядомага ў раёне  народнага аматарскага калектыва “Гармонія”  Саша Пісарэнка,  Рэната і Аліна Пажарскія. Уразіў сваім арыгінальным выступленнем у вобразе салдата Сярожа Плехаў.

Асаблівую ацэнку журы і гледачоў атрымаў наш зямляк  Барыс Крыўко, які надзвычай пранікнёна прадстаўляў прыгатаваныя ўласнаручна прысмакі.   А вось Дзіль Марыя Станіславаўна, жыхарка вёскі Баяры, не толькі ўразіла  стравамі з бульбы, але і прыгожым голасам. Яе спевы літаральна заваражылі гледачоў.

Выклікала цікавасць удзельнікаў фэсту адкрытая дыялогавая пляцоўка “Захаванне мясцовых традыцый як брэнд аграгарадка Германавічы”, якая была прадстаўлена на свяце. Дарэчы, ў  2022 годзе спаўняецца 240 год з часу заснавання  памешчыкам Ігнатам  Шырынам палаца, у якім зараз знаходзіцца музей.

З гумарам аформленая фотазона дазволіла ўдзельнікам свята пакінуць на памяць аб фэсце каларытныя фотаздымкі.

Яскаравае сведчанне таму, што чарговы бульбяны фэст удаўся, фотаздымкі дадзенай  публікацыі і,   змешчаныя на сайце газеты “Кліч Радзімы”.  http://www.klich.by/?p=111125

555