Лекцыя: «Каляды»

Сельскагаспадарчыя клопаты яскрава выяўляліся ў абрадах і паэзіі зімовага цыкла. На Каляды гурты моладзі хадзілі ад хаты да хаты і віншавалі гаспадароў, спявалі велічальныя песні. У гурт уваходзілі: пачынальнік, або запявала, скрыпач, певуны, механоша. Адзін з каляднікаў пад акном або пад дзвярамі пытаўся ў гаспадароў дазволу спяваць каляду. “Ці дома пан гаспадар? Ці веліш, пане гаспадару, каляду заспяваці, ці так каляды даці?”. Атрымаўша дазвол калядаваць, пытаюцца: якую заспяваць песню. Далей гаспадар гаварыў, што пець. Спявалі звычайна пад вокнамі, некаторыя ж запрашалі ў дом. “…Рэдка хто просіць спяваць больш адной песні, таму што ў такім разе атрымліваецца большае ўзнагароджанне. Звычайна за адну песню даюць пірог, за дзве – два, а ў заможных дамах, апрача пірагоў, даюць каляднікам грошы, каўбасы і сала, частуюць і гарэлкай. Ходзяць каляднікі з вечара да самага рання”.

У песнях да Бога расказваецца пра нараджэнне Хрыста і старанні Дзевы Марыі схаваць яго ад злых людзей. У песнях гаспадару хаты галоўным прадметам апявання з`яўляюцца хлебныя палі. Любімыя персанажы гэтых твораў – Бог, апосталы Пятро і Павел. Яны сядзяць за сталом, а Ілля ходзіць па палях і родзіць пшаніцу або ў лесе пчол. Фантазія калядоўшчыкаў прымушае гаспадара сустрэць у выглядзе трох анёлаў сонца, месяц і дождж, якія спрыяюць яму. Увогуле ў песнях гаспадарка селяніна ідэалізавалася: у яго нібы былі велізарныя дыхтоўныя будынкі, хлявы з мноствам жывёліны, ураджайныя палі, працавала шмат слуг, якія зычаць яму здароўя і шчасця.

Узвялічваліся і ідэалізаваліся вобразы сыноў і дачок гаспадара – прыгожыя, працавітыя і багатыя.

“Прызначаючы спяваць тую або іншую песню, гаспадар не забывае пра свайго сябра – вала-памочніка. Не шкадуючы даць каляднікам лішлі пірог, ён просіць праспяваць віншавальную песню таксама валу”. Песні валу не былі шырока распаўсюджаны сярод палешукоў, і яшчэ менш ў іншых рэгіёнах Беларусі, таму мы прыводзім тэкст поўнасцю:

У нашага пана, 
Пана гаспадара
Пасярод двара
Стаіць абора
Ново срублена,
Не дорублена.
А у той аборы
Да стояць волы,
Сівы половы,
Стань, пане,
Пане гаспадару,
Стань, не лянуйса,
Стань, обуйса,
Подзі до клеці,

Возьмі у коробочку
Да корміж волы,
Сівы половы,
Золоты волы,
Золоты рогі.
Яго рогатык да ялованькій,
Яго плашанькі да берэстовы,
Яго сошнечкі да шталёвыя,
Яго полычкі да яловыя,
Яго пудпалочкі да грушовыя,
Яго подвоікі да шолковые,
Яго кручэчкі да штабовые,
Яго ярэмчык буковенькій,
Яго кульбачкі да дубовыя,
Яго занозікі далозовые,
Яго рожэнькі да мясензовые,
Яго поводочкі да шолковые,
Яго осценчык да чэрэмховый,
Яго сушэнькі с шчырага золота,
Як едэ в полэ, бярэ яхота.
Судзі ж, Божэ, вясны дождаты;
Да поедомо в полэ гораты;
Да погорэмо горы, долыны,
Да поволочэньмо воронымі коньмі,
Да насеем гарным насеньем
Жыта, ярыны і всякой пашніны.
Дай жэ ж, Божэ,шчоб горал, горал
Да грошы побрал.
Шчо на горэ, то на веселле,
А шчо ў долыны, то на родыны;
Сцелы, Божэ, волы, шчоб хліба далы,
Поздоров, Божэ, господора і господыню,
Шчоб волы доглядалы і горэвалы.

Селяніна, жыццё і дабрабыт якога залежылі ад зямлі-карміцелькі, цяглавай сілы валоў і коней, можна зразумець, чаму валы надзяляюцца эпітэтам “залатыя” і ўсё, звязанае з імі, усхваляецца: хатнія жывёлы, верныя памочнікі гаспадара, былі вельмі дарагімі для яго, незаменнымі выратавальнікамі ад голаду і жабрацтва.

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. Хроніка Лунінец. р-на / Укл. Т.В. Канапацка. Мн.: Беларус, 1995. – 716 с.: іл.

551