Завоссе сустрэла сваю чарговую незабыўную восень

У мінулую суботу, 23 верасня, у філіяле “Музей-сядзіба Міцкевічаў “Завоссе” прайшоў літаратурна-музычны фестываль “Восень у Завоссі”. Сёлета традыцыйнае свята было адзначана адразу дзвюма юбілейнымі датамі: 225 год з дня нараджэння Адама Міцкевіча і 25 год Музею-сядзібе.

Адкрыццё фестывалю адбылося на галоўнай сцэне, дзе прагучалі прывітальныя словы арганізатараў і прайшло ўзнагароджанне пераможцаў творчага конкурсу “Там пакінуў я душы часціцу…”, прысвечанага Адаму Міцкевічу.

Праграма працягнулася паэтычным выступам сябра музея, галоўнага рэдактара часопіса “Полымя” Віктара Анатольевіча Шніпа.

Далей настрою і бадзёрасці надаў гледачам фольк-бэнд “Неруш”. А пасля, адзін за другім, радавалі душэўнымі спевамі і гарэзлівымі танцамі творчыя калектывы мастацкай самадзейнасці Баранавіцкага раёна.

У той жа час цікавая і насычаная праграма разгортвалася на лакацыі “Гумно”. Тут ў выкананні салісткі Белдзяржфілармоніі, лаўрэата міжнародных конкурсаў Галіны Сакольнік і музыказнаўцы Святлены Немагай гучала музычная праграма “Сусвет Адама”. Свае цудоўныя праграмы таксама прадставілі капэля Алеся Лася “Квадра А”, Народны літаратурны тэатр “Жывое слова” і гурт традыцыйнага мужчынскага спеву “Кудмень”.

У сядзібным доме загадчык музея Віктар Дмухоўскі праводзіў для наведвальнікаў цікавыя экскурсіі. Шмат слухачоў сабраў вакол сябе і даследчык-архівіст Зміцер Юркевіч, які распавёў мноства цікавостак пра гісторыю Завосся і яго жыхароў. Разам з паэтам Міхалам Бараноўскім жадаючыя маглі здзейсніць агляд перакладаў Адама Міцкевіча на беларускую мову.

Побач з сядзібным домам працавала прэзентацыйная пляцоўка з фотазонай ад Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку.

Каля аборы разгарнулася тэрыторыя арт-тэрапіі. Тут дзейнічала сапраўдная творчая майстэрня – шэраг займальных майстар-класаў па вырабе сувеніраў. Госці свята маглі сваімі рукамі зрабіць сабе і блізкім памятныя падарункі, такія як, аромасашэ з зёлак “Водар Завосся” ці гліняны медаль з выявай Міцкевіча, магніт ці кніжную закладку.

Інтэрактыўная праграма праекта “Скарбонка гульняў” ад Наталлі Галко вабіла аднолькава і дарослых, і дзяцей. Мовазнаўчыя гульні і літаратурныя віктарыны – заўсёды актуальная тэма для сямейных наведвальнікаў, асабліва на такіх фестывалях, дзе публіка збіраецца разумная і зацікаўленая.

Вялікай папулярнасцю карысталася лакацыя “Бібліятэчны падворак”. Тут можна было паслухаць выступленні літаратурнага аб’яднання “Купальскія зоры” (г.Баранавічы), Саюза пісьменнікаў Беларусі (Брэсцкае аддзяленне), удзельнікаў народнага клуба “Літаратурная правінцыя” (г.Лунінец), паэтычнага клуба “Ліра” (г.Баранавічы) і аматарскага аб’яднання “С.Т.Р.О.К.І.” (Баранавіцкі раён). А яшчэ на пляцоўцы дзейнічалі выставы, праходзілі квэсты, гульні, забавы і шматлікія інтэрактывы.

Гасцей Завосся ў гэты дзень чакаў і традыцыйны кірмаш рамеснікаў Баранавіцкага раёна. Майстэрня смаку “Зёлка-пчолка” частавала духмянай гарбатай, мёдам і дамашнім печывам.

Адным словам, свята атрымалася насычаным і запамінальным – цікавымі падзеямі і творчымі людзьмі, чароўнай музыкай і спевамі, прыемнымі сустрэчамі і новымі знаёмствамі. Кожны змог не толькі добра правесці пагодны восеньскі дзень, але і больш даведацца пра нашага славутага земляка Адама Міцкевіча, далучыцца да народных традыцый і, магчыма, стаць крыху бліжэй да вытокаў…

Да наступнай восені, гасціннае і чароўнае “Завоссе”!

270