Запрашаем на выставу да 110-годдзя Сяргея Грахоўскага

25 верасня спаўняецца 110 год з дня нараджэння знакамітага пісьменніка, паэта і перакладчыка Сяргея Іванавіча Грахоўскага. Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на часовую літаратурна-дакументальную экспазіцыю, прымеркаваную да юбілейнай даты.

Наведвальнікі выставы могуць пазнаёміцца з прадметамі з фондаў музея, такімі, як віншаванні з 70-гадовым юбілеем ад розных пісьменнікаў (тэлеграмы, лісты, паштоўкі), фатаграфіі Сяргея Грахоўскага і пісьменнікаў, якія адрасавалі яму гэтыя віншаванні, розныя экземпляры першага зборніка вершаў “Дзень нараджэння” з дароўнымі надпісамі. Сярод кніг, прадстаўленых на выставе, вылучаюцца кніга-падарунак ад жонкі на дзень нараджэння і кніга “З любоўю і павагай”, пасмяротна выдадзеная да 90-годдзя з дня нараджэння Сяргея Грахоўскага яго землякамі.

Як пісьменнік Сяргей Грахоўскі дэбютаваў вершам у 1926 годзе, але першы зборнік “Дзень нараджэння” выйшаў толькі ў 1958 годзе. З тае пары выдадзена каля 60 кніг Грахоўскага – паэзія, проза, публіцыстыка, успаміны, эсэ, пераклады, кнігі для дзяцей. Найбольш поўна творчасць пісьменніка прадстаўлена ў 2-томніках 1973, 1983 і 1994 гадоў і ў выданні “Выбраныя творы” (выд. “Кнігазбор”, 2007).

Успаміны пра вядомых і дачасна загінуўшых літаратараў змясціліся ў кнізе “Так і было”. Па дакументальнай аповесці “Рудабельская рэспубліка” пастаўлены спектаклі тэатрамі імя Я.Купалы і Гомельскім абласным драматычным у 1968 годзе, у 1972 створаны аднайменны кінафільм.

Аўтар аўтабіяграфічнай трылогіі: “Такія сінія снягі” (1988), “Зона маўчання” (1990), “З воўчым білетам” (1991).

“Ён жыў літаратурай, праблемамі мовы і культуры свайго народа, клопатам пра яго месца ў свеце і Еўропе. Гэта быў чалавек цікавага грамадзянскага лёсу. Яго асабіста турбавалі ўраджаі і будоўлі, архітэктура, выхаванне і адукацыя, праблемы горада і яго мястэчка. Але праблемы сям’і, дзяцей, а потым і ўнукаў былі амаль найгалоўнейшымі. Ён быў добрым мужам для нашай мамы, цудоўным бацькам і дзедам” (з успамінаў пра бацьку Таццяны Грахоўскай).

Выстава будзе дзейнічаць да 12 лістапада 2023 года.

Адрас: г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 13.

Тэл. +375 (17) 363-56-21.

362