Музычная праграма да 200-годдзя Уладзіслава Сыракомлі

29 верасня 2023 года спаўняецца 200 год з дня нараджэння Уладзіслава Сыракомлі – паэта, перакладчыка і публіцыста, творчасць якога, нібы мост, злучае берагі светаўспрыяцця жыхароў старой Літвы і сённяшняй Беларусі.

Сімвалам свайго паэтычнага выказвання краёвы пясняр абраў ліру. Бо душа яго не размаўляла – спявала! І музычнасць вершаў і гавэндаў паэта імкнулася, нават ірвалася ўвасобіцца ў гуках.

Сваёй творчасцю Людвік Кандратовіч натхніў многіх сучасных яму кампазітараў на напісанне сапраўдных шэдэўраў. А шэраг яго вершаў наўпрост праслаўляе музыку і музыкантаў. Спеў вясковага лірніка гучыць дзесьці ў нашай падсвядомасці і дагэтуль: яго рыфмы кранаюць і клічуць да жыцця новыя нотныя і паэтычныя радкі. У творах Сыракомлі мы адкрываем і пазнаём сябе. З яго верша “Доля” вырастае талент Янкі Купалы, непаўторная інтанацыя жыццёвай скаргі, а ў музычных увасабленнях паэзіі лірніка выразна распазнаюцца калівы-правобразы беларускай музыкі ХХ і ХХІ стагоддзяў.

З нагоды юбілея паэта запрашаем усіх на адмыслова падрыхтаваную музычна-літаратурную праграму “Уладзіслаў Сыракомля. Песні вясковага лірніка”, якая адбудзецца 30 верасня а 17-й гадзіне.

Будзем размаўляць аб феномене Сыракомлі, які, жывучы пераважна ў фальварках, а не ў вялікіх гарадах, стаў сапраўдным вешчуном свайго краю. Пазнаёмімся з песнямі на яго вершы Станіслава Манюшкі, Віктара Кажынскага і Канстанціна Горскага. А таксама разам развучым жартоўны хіт “Сеў коцік на плот і міргае”.

Выступоўцы:

  • Святлена Немагай – кандыдат мастацтвазнаўства (канферанс, фартэпіяна);
  • Галіна Сакольнік – лаўрэат міжнародных конкурсаў (мэца-сапрана);
  • Аляксей Загорскі – лаўрэат міжнародных конкурсаў (скрыпка).

Квіткі: 12 рублёў. Квіткі можна набыць анлайн па спасылцы https://24afisha.by/ru/minsk/events/performances/334337 або ў касе музея перад пачаткам мерапрыемства.

Тэлефон для даведак: +375 17 363 56 21.

Адрас: г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 13.

361