У нядзелю ў Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я прайшло свята «Багач», якое стала сапраўднай традыцыяй.
Багач (багатнік, багатуха) — старадаўняе земляробчае свята, што спраўлялі пасля заканчэння жніва. Сімвалам Багача з’яўлялася сявенька з жытам ці пшаніцай і ўстаўленай васковай свечкай, з якой абыходзілі ўсе двары, а затым і статак. Пасля свята багач (сявеньку са свечкай) ставілі ў хаце пэўнага гаспадара. Паводле народных павер’яў, багач павінен быў забяспечыць хаце багацце і шчасце.
Падчас мерапрыемства госці Музея прынялі ўдзел не толькі ў старадаўняй традыцыі абыходу з багачом, але і зрабілі агульную свечку, якая потым заняла галоўнае месца на святочным стале. Працягам свята сталі традыцыйныя спевы і танцы пад жывую музыку ў выкананні фальклорнага гурта «Варган».
Таксама ўдзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць пачаставацца натуральным мёдам і набыць прыгожыя вырабы з гліны ад майстрыхі Алесі Пупкоўскай. Кожны госць змог не толькі адчуць атмасферу галоўнага восеньскага свята, але і знайсці занятак сабе па душы.