«Прайсці яшчэ раз, азірнуцца…». Прэзентацыя кнігі «Якуб Колас» з серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі»

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Выдавецтва “Мастацкая літаратура”

Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа

ПРЭС-РЭЛІЗ

“Прайсці яшчэ раз, азірнуцца…”

Прэзентацыя кнігі “Якуб Колас” з серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”

Сёлета ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшла кніга “Якуб Колас” з серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”. Кніга з’яўляецца літаратурнай мазаікай, складзенай з фрагментаў успамінаў самога Якуба Коласа, яго родных, сяброў, паплечнікаў, з дакументаў, артыкулаў і са шматлікіх фотаздымкаў, якія дазваляюць у храналагічным парадку, год за годам, ствараць адмысловы жыццяпіс Песняра і спрыяюць больш глыбокаму разуменню яго асобы.

Укладальнік кнігі − вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук, дацэнт Наталля Васільеўна Якавенка − звяртаецца да словаў самого Якуба Коласа: “Кожная дата, што пачынае новы лік, заслугоўвае таго, каб на ёй спыніцца”. Варта і нам прыслухацца да Коласавай мудрасці і няспешна прайсціся па сцяжынках яго лёсу.

Кніга грунтуецца на творах песняра, фундаментальных слоўніках яго мовы, а таксама вельмі важкіх выданнях аб жыцці Якуба Коласа – грунтоўным “Летапісе жыцця і творчасці Якуба Коласа”, складзенага Міхасём Мушынскім, аповесці-эсэ Максіма Лужаніна “Колас расказвае пра сябе”, кнігах і артыкулах родных Якуба Коласа і больш за сотню іншых выданняў. У кнізе выкарыстаны арыгінальныя фотаздымкі і электронныя копіі дакументаў з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, ілюстрацыі да твораў класіка і яго партрэты.

Прэзентацыя выдання адбудзецца 26.10.2023 у 17 гадзін. У імпрэзе возьмуць удзел вядомыя беларускія вучоныя, родныя Якуба Коласа, а аздобіць вечарыну чароўная музыка ў выкананні жаночага вакальнага ансамбля Музычнай капэлы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!

Тэл. для даведак: 8 (017) 270-17-02.

Афіцыйны сайт: www.kolasmuseum.by

e-mail: info@kolasmuseum.by

427