Фондавая пятніца: конік

Адным з папулярных прадметаў для ўпрыгожвання інтэр’ераў у савецкі час былі фарфоравыя статуэткі. У фондах Літаратурнага музея Петруся Броўкі захоўваюцца 6 фарфоравых статуэтак, якія раней упрыгожвалі кватэру народнага паэта. Адна з іх – невялікая фігурка коніка вытворчасці Мінскага фарворавага завода.

Гісторыя мінскага фарфора пачалася ў 1883 годзе з Мінскага кафлянага завода, які быў пабудаваны на беразе ракі Пярэспа на радовішчы белай гліны. Вуліца, на якой размяшчаліся цэхі, тады называлася Мікалаеўскай, а зараз – Крапоткіна. У першыя дзесяцігоддзі сваёй працы завод выпускаў бытавую кераміку, кафлю для печаў і камінаў, упрыгожванні для фасадаў дамоў.

У 1920 годзе завод быў нацыяналізаваны і перайшоў пад кіраўніцтва Мінскага гарадскога Савета працоўных, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў. Плошча завода моцна вырасла, многія працэсы былі аўтаматызаваны, але вырабы распісвалі па-ранейшаму ўручную. Гэтая традыцыя захаваецца на працягу ўсяго перыяду існавання завода, што дасць магчымасць ствараць незвычайныя, яркія і вельмі жывыя ўзоры дэкаратыўнага мастацтва.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны прадпрыемства было акупавана нацысцкімі войскамі і моцна пацярпела. Пасля вайны завод прыйшлося будаваць практычна з нуля, быў часткова разбураны сам будынак, цэласнасць вытворчых ліній таксама моцна пацярпела. Ужо праз год завод часткова аднавіў сваю працу. У першую чаргу адбудаванае прадпрыемства выпускала кафлю з цвёрдага фарфору.

У 1951 годзе прадпрыемства атрымала назву Мінскі фарфорава-фаянсавы завод. Гэты год лічацца пачаткам сапраўднай гісторыі беларускага фарфору. З гэтага часу пачынаецца эксперыментальны выпуск прадметаў дробнай пластыкі па ўзорах іншых заводаў, у асноўным, Дулёва і Канакова. Мастацкая вытворчасць пачалася ў 1960-х гадах, калі ўзнікла патрэбнасць у вытворчасці посуду, сервізаў, дэкаратыўных ваз і прадметаў дробнай пластыкі. У 1963 годзе пры заводзе адкрыўся эксперыментальны аддзел, які паклаў пачатак творчасці скульптараў, керамістаў, мастакоў па роспісу фарфору. Мінскі фарфор пачынае набываць характэрныя рысы свайго самабытнага стылю. У ім спалучаюцца нацыянальныя беларускія матывы і прыглушаная каляровая палітра з яркімі акцэнтамі. Часцей за ўсё гэта былі фігуркі жывёл, дзяцей, маладых дзяўчат і юнакоў, апранутых у нацыянальнае адзенне. Распісвалі вырабы па кальцы, спачатку алоўкам вымалёўваючы контуры, а потым запаўнялі іх фарбамі.

Адначасова з дэкаратыўнай скульптурай і сталовым фарфорам завод выпускаў мазаічныя пано, якія ўпрыгожылі значную частку дамоў культуры і іншых грамадскіх арганізацый як Беларусі, так і іншых рэспублік Савецкага Саюза. У 1983 годзе Мінскі фарфоравы завод быў удастоены ордэна “Знак пашаны”.

246