Вуліцы горада, названыя імёнамі герояў. Горад Дзятлава. Вуліца Вахоніна

Мікалай Рыгоравіч Вахонін - адзін з арганізатараў партызанскага руху на Дзятлаўшчыне.

Нарадзіўся Мікалай Рыгоравіч у 1912 годзе ў вёсцы Малая Уладзіміраўка Бешкарагаеўскага раёна Паўладарскай вобласці ў сям'і селяніна. Пасля заканчэння сямігадовай школы працаваў сталяром у калгасе, потым сталяром на будаўніцтве цукровага завода, адкуль яго прызвалі на тэрміновую службу ў Чырвоную Армію. Пасля вяртання са службы ў арміі, працаваў сталяром у райспажыўсаюзе.

У маі 1941 года быў прызваны ў войска на зборы і перападрыхтоўку, тут яго і захапіла вайна. Служыў недалёка ад Беластока. У ноч на 22 чэрвеня 1941 года з аўтаматам стаяў на варце каля склада гаручага. Ледзь толькі пачало світаць, узнялася перастрэлка, над ваеннай часцю закружылі варожыя самалёты, пачалі скідаць бомбы. Было прыкладна каля дзесяці гадзін раніцы, калі Вахонін убачыў, што за паваротам ідуць чорныя танкі з крыжамі, паспеў яшчэ кінуць гранату ў той бок, дзе размяшчалася ўкапаная цыстэрна з гаручым, узарваў яе і ўцёк.

Праз некаторы час далучыўся да байцоў, якія таксама трапілі ў акружэнне. З баямі, стрымліваючы фашыстаў на рачных рубяжах, адыходзілі на ўсход. Прынялі бой каля Ваўкавыска, потым на рацэ Шчара, затым каля в. Каменка, што непадалёку ад Дзятлава. Тут Вахоніна Мікалая Рыгоравіча параніла ў руку, і ён, знемагаючы ад страты крыві і моцнага болю, дайшоў да хутара каля в. Хвінявічы Дзятлаўскага раёна. Тут, на хутары, ён знайшоў дапамогу і ратунак. Тут жа на хутары знайшлі прыстанішча Васіль Кавязін, Андрэй Кавязін, Пётр Архіпаў і яшчэ некалькі чырвонаармейцаў. У красавіку 1942 года каля Вензавецкага лясніцтва Мікалай Вахонін з таварышамі сустрэўся з групай лейтэнанта Чырвонай Арміі В.С.Біцько. Спачатку ва ўсіх быў адзін намер - прабірацца на ўсход. Але ўжо ў першы дзень здарылася падзея, якая парушыла іх план. Пераходзячы дарогу Дзятлава - Слонім, чырвонаармейцы ўбачылі легкавы аўтамабіль з гітлераўцамі. Яны кінулі ў машыну гранату і абстралялі яе. Тры фашысцкія афіцэры і шафёр былі забітыя. Першая ўдача акрыліла мсціўцаў і яны зразумелі, што можна біць гітлераўцаў і тут. Па прапанове М.Р.Вахоніна вырашылі застацца ў Ліпічанскай пушчы і стварыць партызанскі атрад.

Адной з красавіцкіх начэй іх група перайшла Неман і разабрала частку чыгуначнага палатна каля станцыі Скрыбаўцы. Цягнік з жывой сілай ворага паляцеў пад адхон. Праз некалькі дзён партызаны напалі на паліцэйскі ўчастак у Ражанцы. Узялі ў палон 12 паліцэйскіх разам з камендантам. Адначасова разграмілі гміну і маслазавод.

Напярэдадні 1 мая 1942 года партызаны правялі паспяховую баявую аперацыю каля вёскі Орля. Група спаліла лесапільню і мост. Такім чынам, немцы страцілі дарогу на другі бок Немана, у Ліпічанскую пушчу.

5 мая 1942 года на агульным сходзе групы, якая ўжо налічвала 30 чалавек, пастанавілі даць назву партызанскаму атраду. У гонар паспяхова праведзенай аперацыі паблізу в.Орля атрад вырашылі назваць «Арлянскім». Камандзірам выбралі Васіля Кавязіна, намеснікам – Мікалая Вахоніна.

У маі – чэрвені 1942 года атрад “Арлянскі” разграміў паліцэйскія ўчаскі ў вёсках Накрышкі, Страла, Міроўшчына.

У ліпені 1942 года Вахоніна Мікалая Рыгоравіча абралі камандзірам атрада “Арлянскі”. Партызаны пачалі граміць маслазаводы, валасныя ўправы, паліцэйскія ўчасткі.

Партызанскі рух пашыраўся, атрады раслі. Восенню 1942 года прадстаўнікі Асобага злучэння партызанскіх атрадаў, якое дзейнічала пад Мінскам, прапанавалі на базе атрадаў 3649-ы, імя К.Я.Варашылава, і “Арлянскі” стварыць брыгаду. 12 снежня 1942 года на хутары ў Ліпічанскай пушчы загадам Р.Л.Васілевіча (намесніка камандзіра Асобага злучэння) была створана Ленінская партызанская брыгада. Атрад «Арлянскі» у студзені 1943 года быў перайменаваны ў атрад «Барацьба», камандзірам якога да сакавіка 1943 года з’яўляўся Мікалай Вахонін. Пасля ранення Вахоніна М. Р. камандзірам атрада стаў Смірноў Сяргей Пятровіч, а потым Глазкоў Ілля Міхайлавіч. Вахонін Мікалай Рыгоравіч, акрыяўшы пасля ранення, заняў пасаду намесніка камандзіра па разведцы.

З кастрычніка 1942 года была наладжана цесная сувязь партызан з дзятлаўскімі падпольшчыкамі, якія перадавалі ім каштоўныя звесткі, медыкаменты, паперу для зводак, стужкі для пішучай машынкі, патроны, гаручае для браневіка, харчаванне для параненых.

За ўмелае кіраўніцтва партызанскай барацьбой Мікалай Рыгоравіч Вахонін быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Чырвонага Сцяга, медалём «Партызану Айчыннай вайны I ступені».

Пасля вайны, з 1945 па 1947 гады, Мікалай Рыгоравіч працаваў загадчыкам падсобнай гаспадаркі Абласнога будаўнічага трэста ў г. Баранавічы, з сакавіка 1947 да 1957 г. – загадчыкам гаспадаркі пры Парэцкім спіртзаводзе. У 1958 годзе захварэў і 17 лістапада пасля цяжкай аперацыі памёр. Пахаваны на могілках у вёсцы Хвінявічы Дзятлаўскага раёна.

Імем Мікалая Рыгоравіча Вахоніна названа адна з вуліц нашага горада.

242