Вуліцы горада, названыя імёнамі герояў. Горад Дзятлава. Вуліца Жолабава

Жолабаў Іван Аляксеевіч нарадзіўся 26 ліпеня 1917 года ў в.Вялікая Гара Халмагорскага раёна Архангельскай вобласці ў сялянскай сям’і. У малалетнім узросце ён застаўся без бацькі і маці на руках 20-гадовай сястры. У 11 гадоў працаваў у кулака, каб атрымаць грошы на адзенне і падручнікі. Пасля заканчэння сярэдняй школы Іван Аляксеевіч працаваў на камсамольскай рабоце, журналістам у архангельскіх газетах “Штурм”, “Паўночны камсамолец”, “Праўда Поўначы”. У 1940 годзе добраахвотна ўступіў у лыжны батальён, які накіроўваўся на фінскі фронт.

Вялікая Айчынная вайна застала Івана Жолабава студэнтам другога курса Свярдлоўскага інстытута журналістыкі. У 1941 годзе ён – добраахвотнік Чырвонай Арміі. Яго накіроўваюць у Хабараўскую школу НКУС, пасля заканчэння якой І.А.Жолабаў паступае ў распараджэнне спецаддзела Заходняга фронту.

З 2 жніўня 1943 года Іван Аляксеевіч пад мянушкай “Капитан Северный” узначальвае атрад спецыяльнага прызначэння “Дружба”, які дзейнічаў на Гомельшчыне. За кароткі час з сямі чалавек, закінутых на акупіраваную фашыстамі беларускую зямлю, вырастае вялікі боездольны атрад. Узрываюцца цэлыя ўчасткі чыгуначнага палатна, ляцяць пад адхон саставы з баявой тэхнікай і жывой сілай гітлераўцаў. Атрад “Дружба” аказаў вялікую дапамогу наступаючым часцям і злучэнням 1-га Беларускага фронту ў правядзенні аперацыі па вызваленню Гомеля, Рэчыцы, і іншых населеных пунктаў.

З’яўленне Івана Аляксеевіча Жолабава з атрадам з пятнаццаці чалавек на Нёмане было вызвана складаным становішчам у дадзеным рэгіёне. Буйныя нямецкія гарнізоны стаялі ў Дзятлаве, Казлоўшчыне, Наваельні, Навагрудку, а таксама ўздоўж чыгункі Ліда-Баранавічы, Ліда-Гродна. Фашысты сцягнулі на левы бераг Шчары і правы бераг Нёмана ў раёне Ліпічанскай пушчы буйныя воінскія падраздзяленні.

У Прынямонні Іван Аляксеевіч з’явіўся ўжо вопытным камандзірам атрада і сталым разведчыкам. І таму, азнаёміўшыся з абстаноўкай на месцы, ён прымае рашэнне: асноўныя сілы, радыстку і грузы пакінуць на Нёмане. За параўнальна кароткі тэрмін атрад “Дружба” павялічваецца ў некалькі разоў і становіцца буйнай баявой адзінкай, здольнай вырашаць самастойна баявыя задачы. На дапамогу атраду “Дружба” прыйшлі падпольныя партыйныя і камсамольскія арганізацыі.

Падрыўнікамі атрада было пушчана пад адхон 22 варожыя эшалоны, знішчана 25 паравозаў, 169 вагонаў з жывой сілай і тэхнікай, паранена і забіта больш за 750 салдат і афіцэраў праціўніка, больш 100 узята ў палон.

Іван Аляксеевіч асабліва шмат займаўся брыгадай СС РОНА, а здраднік Камінскі быў адным з важнейшых аб’ектаў для знішчэння. Выяўлена і знішчана больш 400 здраднікаў Радзімы і агентаў праціўніка.

Пасля вызвалення Дзятлаўскага раёна штаб атрада “Дружба” каля месяца знаходзіўся ў Дзятлаве, ён унёс вялікі ўклад у падрыхтоўку ўстанаўлення Савецкай улады ў раёне, а Іван Аляксеевіч Жолабаў шмат працаваў над фарміраваннем устаноў і асабіста займаўся падборам кадраў.

Пасля вайны І.А.Жолабаў працуе ў органах КДБ. У маі 1951 года ён быў пераведзены ў Алтайскае ўпраўленне. У снежні 1967 года Іван Аляксеевіч па стану здароўя ідзе ў адстаўку. На заслужаным адпачынку ён ўзяўся за літаратурную дзейнасць. Выкарыстоўваючы матэрыялы архіваў, свой асабісты дзённік, ён адшуквае удзельнікаў вайны і умела выкарыстоўвае іх успаміны. У выніку вялікай і крапатлівай працы ў 1972 годзе выходзіць яго першая кніга “За лініяй фронту таксама вайна”, у 1975 годзе – “На Нёмане чакаюць сваіх”, а ў 1978 годзе – “Сцежкі разведчыкаў”.

У студзені 1982 года Івана Аляксеевіча не стала.

За баявыя і працоўныя заслугі Іван Аляксеевіч Жолабаў быў узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі, шматлікімі медалямі. Яму прысвоена званне Ганаровага чэкіста СССР.

Памяць аб храбрым камандзіры, добрым разведчыку, аўтары кніг аб партызанскай вайне застанецца вечна ў горадзе Дзятлава. Яго імем названа адна з вуліц горада. Яго імя занесена ў Кнігу славы Дзятлаўскага раёна.

142