«ЗАБРАННІКАЎ БЕРАГ» Творчы вечар Уладзіміра Мароза

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа

Прэс-рэліз

«ЗАБРАННІКАЎ БЕРАГ»

Творчы вечар Уладзіміра Мароза

14 снежня а 17-й гадзіне ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца творчая вечарына «Забраннікаў бераг» – прэзентацыя новай кнігі паэзіі, прозы, эсэ Уладзіміра Мароза «Бераг новай зямлі».

Уладзімір Мароз – шматгранная асоба: паэт, празаік, эсэіст, сцэнарыст, кінарэжысёр. Па першай адукацыі архітэктар, пасля скончыў літаратурны інстытут імя А.М.Горкага ў Маскве. Працаваў на «Інтэграле», у інстытуце «Мінскпраект», Дзяржкіно БССР, на кінастудыі «Беларусьфільм», у часопісе «Бярозка». З 2005 года – вядучы рэдактар студыі «Летапіс» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм».

З беларускім дакументальным кіно яго творчае жыццё звязана ужо сорак гадоў. Па сцэнарыях аўтара знята звыш васьмедзесяці дакуметальных стужак, пераважна звернутых да гісторыі і культуры Беларусі. Дзесяць фільмаў ім знята як кінарэжысёрам. Ён з’яўляецца аўтарам сцэнарыяў фільмаў пра Якуба Коласа «У пошуках новай зямлі» і «Ташкенцкая торба», аўтарам крэатыўнага эсэ «Новая зямля Якуба Коласа і Новае неба Казіміра Малевіча», якія уключаны ў кнігу «Бераг новай зямлі». Шэраг карцін адзначаны прызамі міжнародных кінафестываляў. Уладзімір Мароз узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі», медалём Саюза беларускіх кінематаграфістаў «За выключныя заслугі ў беларускім кінематографе». З’яўляецца лаурэатам прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Важкі даробак Уладзіміра Мароза і на літаратурнай ніве – 27 кніг паэзіі, прозы, эсэ, у тым ліку паэтычныя зборнікі «Пяшчотны дотык», «Голас», « Рэй», «Хутаранская зорка», «Дабрадаць», «Шляхцянка-восень», «Крыжы на ростанях», «Графічная кніга паэта», кнігі прозы і эсэ «Беларускі храм», «Мінск старадаўні і малады» «За брамай забытых мелодый», «Магілёў», «Камень Вавілонскай вежы», трохтомнік выбраных твораў «Другога не дадзена», «Тры сшыткі», «Беларускі мур».

Уладзімір Мароз – ураджэнец горада Косава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Але ён і коласаўскі зямляк. Другая «малая радзіма» паэта – слынная Мікалаеўшчына, адкуль родам маці Дзіна Канстанцінаўна, у дзявоцтве Міцкевіч, дзе ў спадчыну ад дзеда Міцкевіча Канстанціна Антонавіча засталася хата недалеч Нёмана, якая сёння з’яўляецца радзінным кутком паэта. Мікалаеўскі прыдомак яго дзеда – Забраннік. Адсюль назва аднаго з апавяданняў аўтара ў новай кнізе – «Забраннікаў бераг».

14 снежня ў прэзентацыі кнігі «Бераг новай зямлі» прымуць удзел вядомыя беларускія мастакі, пісьменнікі, кінарэжысёры.

САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!

Тэл. для даведак: 8 (017) 270-17-02.

Афіцыйны сайт: www.kolasmuseum.by

e-mail: info@kolasmuseum.by

413