Вуліцы горада, названыя імёнамі герояў. Горад Дзятлава. Вуліца Русіна

СТАРШЫНЯ АНТЫФАШЫСЦКАГА КАМІТЭТА

На паўночнай ускраіне Ліпічанскай пушчы, на левым беразе Нёмана, сярод пясчаных дзюнаў, прыгожа раскінулася лясная вёска Карытніца. Тут у 1893 годзе ў сялянскай сям’і нарадзіўся Георгій Паўлавіч Русін — будучы настаўнік, падпольшчык, імем якога названа адна з вуліц Дзятлава. Яго дзіцячыя гады прайшлі ў цяжкай працы і беднасці. Нягледзячы на гэта, хлопчык рана праявіў імкненне і здольнасць да навукі. Ён выдатна закончыў трохкласнае народнае вучылішча, а потым і Дзятлаўскую, так званую "второклассную”, настаўніцкую школу.

Калі пачалася Першая сусветная вайна, сям’я Русіных эвакуіравалася ў Паволжа. Там Георгій Паўлавіч прадоўжыў сваю вучобу і атрымаў званне настаўніка. Да 1920 года ён працаваў выхавацелем у дзіцячым доме г. Самары. Калі ў Паволжы пачаўся голад, сям'я Русіных вырашыла вярнуцца на радзіму. Польскія ўлады не дазволілі Георгію Паўлавічу настаўнічаць. Два гады ён працуе на бацькоўскім загоне. Толькі ў 1922 годзе Георгій атрымаў дазвол паступіць на настаўніцкія курсы ў Кракаве. За год авалодаў польскай мовай, здаў экзамены па гісторыі і геаграфіі Польшчы, атрымаў правы настаўніка пачатковай школы.

3 1923 года Русін загадвае Карытніцкай пачатковай школай. Ён ніяк не можа змірыцца з існаваўшымі тады ў Польшчы буржуазнымі парадкамі. Свае погляды Русін часам выказваў на ўроках, у гутарках з сялянамі. Асабліва цікавіліся людзі тым, што дала рэвалюцыя працоўным Савецкай Расіі. Гэта не прайшло міма ўвагі падпольшчыкаў-камуністаў: у 1927 годзе Георгій Русін быў прыняты ў рады Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі.

Чуткі аб дзейнасці Русіна дайшлі да польскіх органаў бяспекі: яго вызваляюць ад работы ў школе. Ён зноў працуе на бацькоўскай гаспадарцы, праз некаторы час уладкоўваецца лесарубам, а потым — бракёрам на купецкія лесараспрацоўкі.

Паліцыя пільна сачыла за паводзінамі былога настаўніка. Яго не раз арыштоўвалі, рабілі вобыскі, допыты, але доказаў падпольнай дзейнасці знайсці не маглі.

Радасна сустрэў Георгій Паўлавіч прыход Чырвонай Арміі ў верасні 1939 года. Русін ізноў пачаў загадваць Карытніцкай школай. У 1940 годзе яго, як вопытнага педагога, назначаюць інспектарам Шчучынскага раённага аддзела народнай асветы. Толькі любімай настаўніцкай справай давялося займацца нядоўга: пачалася вайна.

У 1941 годзе Русіна накіравалі ў Накрышскую сямігодку выкладаць матэматыку і геаграфію. Аднак ён не мог прымірыцца з акупацыйным фашысцкім рэжымам і тымі патрабаваннямі, якія захопнікі паставілі перад школай і настаўнікамі: Георгій становіцца сувязным першых партызанскіх атрадаў.

Народныя мсціўцы далі яму заданне пераехаць у Дзятлава, уладкавацца ў школе і збіраць звесткі аб акупацыйных органах улады і гарнізоне. 3 гэтым заданнем Русін спраўляўся выдатна. Таму і прызначылі яго старшынёй Дзятлаўскага раённага антыфашысцкага камітэта.

У падпольнай рабоце Георгію Паўлавічу дапамагала дачка Надзея, якая працавала сакратаркай-машыністкай у раённай управе. Рызыкуючы жыццём, яна рабіла лішнія копіі важнейшых дакументаў, якія бацька перадаваў падпольнаму райкаму партыі.

Падпольшчыкі дзейнічалі смела. Фашысты не паспявалі зрываць са сцен і платоў расклееныя імі лістоўкі, пачасціліся тэрарыстычныя акты, падпалы, дыверсіі. У раёне гарэлі масты, склады сена і збожжа, узрываліся нямецкія машыны.

Раззлаваныя фашысты пачалі ліхаманкавыя пошукі тых, хто мог гэта рабіць. 30 красавіка 1944 года пачаліся арышты. Арыштавалі Георгія Русіна, Аляксандра Хадаркевіча — загадчыка гаспадаркі Дзятлаўскай бальніцы, Івана Каско — загадчыка дарожнага аддзела, Фёдара Паўловіча — настаўніка Хвінявіцкай школы, Міхаіла Архіпцава — бухгалтара раённай управы, настаўніка Пятра Гурскага і іншых.

Цэлы месяц вялося следства, арыштаваных дапытвалі, катавалі, але жаданых звестак фашысты не атрымалі. 1 чэрвеня 1944 года ноччу іх расстралялі. У лагер смерці кінулі жонку Русіна Серафіму Мікалаеўну і дачку Надзею, але знішчыць іх не паспелі. 9 ліпеня 1944 года прыйшло вызваленне.

Астанкі замучаных былі перанесены і пахаваны на дзятлаўскіх могілках. У 1968 годзе на магіле ўстаноўлены помнік, на якім высечаны прозвішчы 11 антыфашыстаў-падпольшчыкаў.

Імя Русіна Георгія Паўлавіча занесена ў Кнігу славы Дзятлаўскага раёна.

157