Расійскі перыяд у жыцці Адама Міцкевіча прынёс яму не толькі вядомасць як цудоўнага імправізатара, але яшчэ і падарыў шмат сяброў, сярод якіх самае моцнае сяброўства завязалася з Аляксандрам Пушкіным.
Сябры як у жыцці, так і ў творчасці. Яны перакладалі творы адзін аднаго. Пушкін называў Міцкевіча вялікім паэтам-імправізатарам і паэтам-прарокам.
Яны сустракаліся ў адных салонах і з задавальненнем бавілі час разам. Па сведчанні сучаснікаў, гутаркі Міцкевіча і Пушкіна былі максімальна сяброўскімі і адкрытымі.
Міцкевіч пісаў пра Пушкіна: «Знаёмы нядаўна, але сустракаемся часта і ўжо як некалькі дзён сябры».
Кожны паэт высока ацэньваў творчасць свайго калегі і адклікаўся аб ім нязменна з павагай.
Не забываліся адзін пра аднаго і пасля ад'езду Міцкевіча з Расіі.
У 1832 г. Міцкевіч выпусціў 3 частку паэмы «Дзяды», дзе згадвае сяброўства з Пушкіным:
Лiў дождж, а двое пад адным плашчом
Стаялi, тулячы плячо плячом.
Адзiн — той самы пiлiгрым, з ахвяр
Царовых, тут нязнаны анiкому,
Другi — народа рускага пясьняр,
На поўначы ўсёй верш яго вядомы.
Жылi ня блiзка, дый адчулi самi
Па стрэчы, што былi даўно сябрамi.
Пушкін у сваю чаргу ў 1834 годзе апублікаваў верш "Он между нами жил", прысвечаны Міцкевічу. Пачынаецца верш з пахвалы і настальгічнага ўспаміну пра час, які Міцкевіч правёў у Расіі:
Он между нами жил
Средь племени ему чужого; злобы
В душе своей к нам не питал, и мы
Его любили. Мирный, благосклонный,
Он посещал беседы наши. С ним
Делились мы и чистыми мечтами
И песнями (он вдохновен был свыше
И свысока взирал на жизнь). Нередко
Он говорил о временах грядущих,
Когда народы, распри позабыв,
В великую семью соединятся.
8 лютага 1837 года, калі Міцкевіч ужо даўно знаходзіўся за межамі Расійскай імперыі, смяротная куля забіла Пушкіна на дуэлі.
Даведаўшыся аб жудаснай вестцы, 25 мая Міцкевіч напісаў некралог, які падпісаў "адзін з сяброў Пушкіна".
Паэт пісаў: "Куля, якая забіла Пушкіна, нанесла інтэлектуальнай Расіі жудасны ўрон". І далей: "Ніводнай краіне не дадзена, каб у ёй больш, чым адзін раз, мог з'явіцца чалавек з такімі выбітнымі і такімі разнастайнымі здольнасцямі"…