Выстава даматканых посцілак і ручнікоў «І тчэ забыўшыся рука…»


З 10 красавіка 2024 года ў філіяле “Фальварак Ракуцёўшчына” Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, у прасторы гаспадарчай кухні, працуе выстава даматканых посцілак і ручнікоў “І тчэ забыўшыся рука…”.

Жыццё імкліва ляціць наперад. І, здабываючы штодня нешта новае для сябе, мы непрыкметна губляем тое святое, спрадвечнае, што нашы продкі называлі непарыўнай повяззю часоў, – нашу спадчыну. А яна выяўляецца як у людзях, так і ў прадметах штодзённага побыту мінулых стагоддзяў.

Адным са старажытных промыслаў беларусаў з'яўляецца народнае ткацтва. У ім знайшла сваё адлюстраванне векавая гісторыя беларускага народа, яго майстэрства, мастацкі густ.

У Маладзечанскім раёне да гэтага часу ёсць людзі, якія захоўваюць даматканыя рэчы. Так, жыхарка вёскі Мясата Марыя Дзмітрыеўна Сушко 1938 г.н. перадала для часовай экспазіцыі каштоўныя ўзоры посцілак-перабіранак, якія захаваліся ад яе маці. Гэта адзін з самых прыгожых відаў посцілак. Яны ўяўляюць сабой двухкаляровыя двухбаковыя вырабы, выкананыя ў пераборнай тэхніцы (з выкарыстаннем палкі-бранніцы, якой робіцца перабор асновы і каляровых нітак). Арнамент на такой посцілцы атрымліваецца аб’ёмным. Па мастацкай вартасці гэтыя ткацкія вырабы могуць смела суседнічаць з сучаснымі дыванамі.

“Фальварак Ракуцёўшчына” – месца, якое звязана з імем беларускага паэта Максіма Багдановіча. Месца, дзе ён упершыню паглыбіўся ў асяродак жывой беларускай гаворкі і сялянскага побыту, атрымаўшы моцны зарад творчага натхнення. І хоць даўно мінулі часы саламяных стрэх і натуральнай гаспадаркі, але душа сялянская тут і цяпер ячшэ трывала караніцца. Бо сіла вёскі – у традыцыі, дзякуючы якой яна кожны раз адраджаецца наноў.

Фальварак Ракукцёўшчына запрашае сучаснікаў на выставу, каб гэтаксама, як некалі малады класік, дакрануцца да каранёў, падзівіцца народнаму майстэрству, убачыць у прадметах будзённага ўжытку вытокі сапраўднага і спрадвечнага, адчуць іх незвычайную энергію.

Выстава будзе працаваць па 6 мая 2024 года.

Заўсёды рады вітаць!

Наш адрас: Мінская вобласць, Маладзечанскі раён, в. Ракуцёўшчына.

Тэл. +375 (17) 670-26-41.

470