Афганскі боль

15 лютага – дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Праз баявыя дзеянні ў Афганістане прайшлі 130 нашых землякоў, двое з якіх Аляксандр Шылаў і Дзмітрый Лазовік - загінулі на чужой зямлі.

Афганістан. Якія там хлопцы загінулі!

Упала, пагасла жыццёвая зорка Дзмітрыя Лазовіка.

У 19-гадовага чалавека кароткая біяграфія. Нарадзіўся і вырас у в. Малая Палонка. Закончыў Дварэцкую школу. Потым — Мінскае прафтэхвучылішча, дзе набыў спецыяльнасць фрэзероўшчыка. Некалькі месяцаў працаваў у Мінску і на Дварэцкім ільнозаводзе. У сакавіку 1983 года быў прызваны ў Савецкую Армію.

Далей былі толькі пісьмы...

«...Трапіў служыць у Усць-Каменагорск. Хлопцы добрыя. Служба ідзе нармальна. Беларусаў вельмі мала. Мама, не хвалюйся і не плач. У мяне ўсё будзе добра. Пішы, як там гаспадарка, як ты спраўляешся? Не затрымлівайся з адказам. Вельмі чакаю...»

«...Спёка стаіць да 40 градусаў. Мы ўжо загарэлі. У роце 9 казахстанцаў. Раней яны выдзяляліся сярод нас. Цяпер аднолькава ўсе чорныя ад сонца. Ці пасадзілі бульбу? Хто дапамагаў? Як ты, мама, сябе адчуваеш? Чакайце пісьма з новага месца службы…”

Новым месцам службы стаў Афган. Блізкіх на радзіме Дзіма папярэдзіў:

«Накіруюць служыць у Туркменскую акругу. Сюды ўваходзіў і Афганістан. Маме аб гэтым не пісаў. I вы, калі ласка, не гаварыце, каб не плакала».

«...Мамачка, дарагая мая. Не плач, прашу цябе. Служба ідзе добра. Хлопцы побач таксама добрыя. Чакай ад мяне пісьма. Я буду пісаць часта...»

Наступных пісем мама не прычакала.

19 ліпеня 1983 года Дмітрый Лазовік загінуў у выніку агнястрэльнага ранення ў галаву. Пахаваны ў в.Дварэц Дзятлаўскага раёна.

Аляксандр Шылаў, першынец у сям’і, нарадзіўся вясною 1962 г. Рос, бегаў у школу. Ужо з шостага класа, на летніх канікулах, пачаў працаваць на будоўлі. Зарабляў сабе на вопратку, на абутак, — памагаў маці. Закончыўшы 9 класаў Наваяльнянскай школы, паступіў у Навагрудскае вучылішча. Потым нядоўга працаваў у калгасе «Беларусь», на Наваяльнянскім камбінаце хлебапрадуктаў.

Восенню 1980 г. Аляксандра Шылава прызвалі ў Савецкую Армію. Ужо ішла вайна ў Афганістане, якая не абмінула і яго. Ён быў надзейным чалавекам і годным салдатам. Яго не стала 19 сакавіка 1982 г. у афганскай правінцыі Герат. Пахаваны ў г.п.Наваельня.

Аляксадр Шылаў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

36 гадоў прайшло з таго памятнага дня, калі апошні савецкі салдат пакінуў зямлю Афганістана. Тэматычныя экскурсіі прайшлі ў нашым музеі.

196