
Добры дзень, шаноўныя сябры!
Чарговы выпуск праекта “Сядзіба: гісторыя, падзеі, людзі”.
Напалеон Орда амаль чвэрць стагоддзя быў адарваны ад зямлі і сваіх продкаў, ад Варацэвічаў і маці, сясцёр і сваякоў.
Позняй восенню 1856 года ён пераступіў парог бацькоўскага дома. У Чырвоным Двары яго сустрэла маці, 80-гадовая Юзафіна .
З гэтага часу і да смерці маці Орда амаль не пакідаў радавога гнязда. Адной з прычын гэтага стаў узрост маці, здароўе якой выклікала трывогу. Напалеон Орда рабіў усё магчымае, каб апошнія гады жыцця самага блізкага яму чалавека прайшлі ў спакоі і згодзе.
Любімымі музычнымі творамі Юзафіны ў гэтыя гады былі паланэзы, вальсы, мазуркі, створаныя сынам, яна з вялікай радасцю і гонарам выконвала іх гасцям.
У 1799 годзе Юзафіна звязала свай лёс з Міхалам Ордам і падаравала свету таленавітых дзяцей, шчырых патрыётаў Бацькаўшчыны. Рана засталася без мужа, жанчына без ваганняў усклала на сябе цяжар гаспадарчых і сямейных спраў. Юзафіна дастойна пражыла свой век.
Ранняй вясной 1859 года Юзафіны Орды не стала. Адпявалі яе ў янаўскім касцёле. Паводле сямейных традыцый і завяшчання Юзафіны, яна была пахавана побач з мужам Міхалам на янаўскіх каталіцкіх могілках у радавым склепе Ордаў.