
28 лютага 2025 года ў Арт-гасцёўні «Высокае мѣста» у рамках інклюзіўнага праекта Васіля Зянько «ПАЭЗІЯ КРОПАК…» адбылася творчая сустрэча аўтара з навучэнцамі ДУА «Спецыяльная школа №188 г. Мінска» для дзяцей з парушэннямі зроку. Менавіта на такую катэгорыю грамадзян арыентаваны работы мастака, якія ўдзельнічаюць у дадзеным праекце.
Падчас сустрэчы ў школьнікаў была магчымасць не толькі ўважліва «разглядзець» карціны з дапамогай шрыфта Брайля, які нанесены на кожную з іх, але і пагутарыць з аўтарам праекта Васілём Зянько, падзяліцца сваімі ўражаннямі і пажаданнямі, спытаць, як аўтар стварае свае не толькі вельмі прыгожыя, але і «размаўляючыя» творы і даведацца, калі чакаць новых цікавых інклюзіўных праектаў.
Дарэчы, субота і нядзеля – апошнія дні, калі можна наведаць выставу Васіля Зянько «ПАЭЗІЯ КРОПАК…». Гэта вельмі прыгожы, цікавы і ўнікальны ў сваім родзе праект. Калі вы не паспелі з ім пазнаёміцца, яшчэ ёсць час наведаць Арт-гасцёўню «Высокае мѣста».