Шчодры дар

Фонды НПГКМЗ папоўніліся новай калекцыяй - сцэнічных касцюмаў і рэквізіта Народнага тэатра "Пилигрим" і Узорнай юнацкай тэатра-студыі "Гармония". Сукенкі пушкінскіх часоў і егіпецкае адзенне, бутафорская зброя і тэатральныя грошы, упрыгажэнні і дэкарацыі, мэбля і маскі - безліч самых разнастайных прадметаў дапамогуць расчыніць занавес і апынуцца ў таямнічым свеце тэатра. З'явілася гэтая калекцыя ў фондах музея-запаведніка дзякуючы былым кіраўнікам калектываў - Валянціне Пятроўне і Валянціну Пятровічу Нагорным.

Калекцыя, якую падаравалі Нагорныя, была перададзена ў 2008-2009 гг. Збор складаецца са сцэнічных касцюмаў, а таксама дэкарацый, бутафорскіх рэчаў і рэквізіта да спектакляў тэатраў "Пилигрим" і "Гармония". Гэтыя рэчы з'яўляліся непасрэднымі "ўдзельнікамі" спектакляў "Антигона", "Мать Иисуса", "Коломбо", "Дышите экономно", "Королевская корова", "Звёздочка-соня", "Любовь к трём апельсинам", "Сказка о царе Салтане" і інш. Большасць рэчаў была створана рукамі ўдзельнікаў калектываў і адносіцца да апошняй чвэрці ХХ стагоддзя.

Прадметы з калекцыі былі прадстаўлены на выстаўцы "Яго вялікасць - Тэатр", прысвечанай юбілею Полацкага народнага тэатра, і выстаўцы аднаго дня ў Ноч музеяў. За свой шчодры дар і шматгадовае супрацоўніцтва з Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеем-запаведнікам сям'я Нагорных 15 мая 2009 г. была ўдастоена звання ганаровых дарыцеляў, іх імёны былі занесены ў аднайменную кнігу.