Дзятлаўшчына памятае. Да 80-годдзя Вялікай Перамогі. Мяцеліца Іван Пятровіч

Мяцеліца Іван Пятровіч нарадзіўся 2 мая 1919 года ў в.Беляі Сенненскага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і селяніна.

У 1934 годзе скончыў Ходчанскую няпоўную сярэднюю школу, пасля чаго паступіў у Аршанскае педвучылішча. Пасля заканчэння быў накіраваны на працу ў якасці настаўніка сельскай школы. З жніўня 1936 па май 1937 года працаваў загадчыкам пачатковай школы ў весцы Свідань Талочынскага раёна. З мая 1937 па кастрычнік 1939 года - загадчык Прусінскай няпоўнай сярэдняй школы Талочынскага раёна.

У кастрычніку 1939 года быў прызваны на ваенную службу ў РККА. Па сакавік 1940 года знаходзіўся у горадзе Ачынску ў якасці чырвонаармейца 321- лёгкага артылерыйскага палка. З сакавіка 1940 па май 1941 года – чырвонаармеец 241-га гаубічнага артылерыйскага палка ў горадзе Мурманску. З чэрвеня па лістапад 1941 года – камандзір аддзялення гэтага ж палка Паўночна-Заходняга фронту.

З лістапада 1941 па сакавік 1943 года – намеснік палітрука і старшага батарэі 327-га артылерыйскага палка Карэльскага фронту. У чэрвені 1942 года ўступіў у рады ВКП(б).

У сакавіку 1943-га быў накіраваны на вучобу ў 1-ае Ленінградскае каманднае артылерыйскае вучылішча, якое знаходзілася ў той час у горадзе Энгельсе. Вучыўся ў якасці курсанта па сакавік 1944 года. Пасля вучобы быў назначаны камандзірам узвода кіравання 588-га артылерыйскага палка 83-й стралковай дывізіі Карэльскага фронту. Быў цяжка паранены і пасля шпіталю накіраваны ў 928-ы артылерыйскі полк 367-ай стралковай дывізіі ў якасці камандзіра разведкі дывізіёна Карэльскага фронту. Пасля вайны прадоўжыў службу на розных афіцэрскіх пасадах да ліпеня 1947 года.

Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў Сенненскі раён Віцебскай вобласці, дзе працаваў прапагандыстам Сенненскага райкама партыі па верасень 1948 года.

З 1948 па 1950 год вучыўся ў Рэспубліканскай партыйнай школе пры ЦК КП(б)Б у г.Мінску. Пасля заканчэння быў накіраваны ЦК КП(б)Б на працу ў Дзятлаўскі райкам партыі, дзе да сакавіка 1955 года працаваў загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі Дзятлаўскага РК КПБ, быў зацверджаны выкладчыкам гісторыі КПСС райпартшколы.

З сакавіка 1955 па красавік 1957 года – працаваў намеснікам старшыні выканкама Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў працоўных. Выбіраўся членам Дзятлаўскага РК КПБ і дэпутатам раённага Савета дэпутатаў працоўных.

У 1961 завочна скончыў 5 курсаў Вышэйшай партыйнай школы пры ЦК КПСС.

Іван Пятровіч Мяцеліца, калі цяжка захварэў (1957 – 1968) працаваў дырэктарам Дзятлаўскай СШ працоўнай моладзі, затым настаўнікам гісторыі і геаграфіі (1968 – 1972 гг.)

Да апошніх дзён свайго жыцця Іван Пятровіч прымаў актыўны ўдзел у грамадскай жыцці пасёлка, выбіраўся сакратаром партыйнай арганізацыі СШ №2, праводзіў вялікую работу па ваенна-патрыятычнаму выхаванню моладзі.

Мяцеліца Іван Пятровіч узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі: “50 год Узброеных Сіл СССР”, “За доблестную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна”, “За Перамогу над Германіяй ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг”, “20 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг”.

Памёр Мяцеліца Іван Пятровіч 5 сакавіка 1972 года.

Дакументы і ўзнагароды яго экспануюцца ў Дзятлаўскім дзяржаўным гісторыка-краязнаўчым музеі.

95