
На выстаўцы прадстаўлена 14 фотаздымкаў. Усе творы выкананы ў складанай мануальнай фатаграфічнай тэхніцы брамойль. Срэбны фатаграфічны адбітак, надрукаваны са стужкі з дапамогай фотапавелічальніка, пакрываецца мастацкімі алейнымі фарбамі. Далей на здымку вылучаюцца сюжэтна важныя дэталі і акцэнты з дапамогай розных інструментаў і прылад.
"Шлях Нёмана” - пошукі вытокаў Немана, угляданне ў шлях ракі, і праз гэта - спроба ўбачыць наш краявід па-свойму, адчуць сябе яго часткай, перадаць у вобразах прыгажосць беларускага пейзажа ў розныя поры года… Чаму яна кранае душу? Чаму менавіта гэта зямля наша, што аб'ядноўвае нас з ёю? Аб чым гаворыць, што распавядае нам Нёман?
Цікавыя падрабязнасці:
Ілля Савянкоў нарадзіўся 2 жніўня 1996 года ў вёсцы Языль, Старадарожскага раёна Мінскай вобласці. Атрымаў вышэйшую тэхнічную адукацыю ў БНТУ па спецыяльнасці геадэзіст. З 2021 года пачаў актыўна здымаць і навучацца фатаграфіі. З 2022 года працуе фатографам, у 2023 годзе стаў здымаць на плёнку. Любімыя жанры -- пейзаж і партрэт.
Увосень 2023 года працягнуў навучанне класічнаму срэбнаму друку з негатываў і розным традыцыйным і альтэрнатыўным ручным фатаграфічным тэхнікам, у тым ліку бромойлю, у майстэрні фатографа Альберта Цэхановіча. У лютым 2025 года адбылася першая выстаўка. З сакавіка 2025 года пачаў праводзіць майстар-класы па тэхніцы бромойль, у тым ліку ў Саюзе фатографаў Беларусі. Фотаздымкі захоўваюцца ў прыватных калекцыях.
Калектыўныя праекты: Выстаўка піктарыяльнай фатаграфіі "Пачатак Нёмана". Мастацкая галерэя Інстытута тэалогіі БДУ, Мінск, люты 2025.
Запрашаем на адкрыццё выстаўкі 24 красавіка ў 16.00 у Музей друку і фатаграфіі Гомельшчыны (вул. Камунараў, 7)
Арганізатары выстаўкі: філіял "Музей гісторыі горада Гомеля", заг. філіялам-Купрэева Юлія Святаславаўна; Альберт Цэхановіч, куратар; Ілля Савянкоў, фатограф.
Тэрміны працы выстаўкі: 24 красавіка 2025 г.– 22 мая 2025 г.