
Савельева Аляксандра Пятроўна (дзявочае прозвішча Рэут) нарадзілася ў вёсцы Кутнева Пагоскага сельсавета былога Старадарожскага раёна Мінскай вобласці 24 жніўня 1923 года ў сялянскай сям’і. Скончыла восем класаў Пагоскай школы, напярэданні вайны пачала працаваць паштальёнам.
Пачатак вайны ёй запомніўся так “Праз некалькі дзён пасля пачатку вайны па вёсцы на матацыклах праехалі нямецкія салдаты. Вёска засталася ўбаку ад баёў пачатку вайны, але праз некаторы час у ёй размясцілі паліцэйскі гарнізон”. “Новы парадак” падтрымлівалі і эсэсаўцы, якія часта наведваліся ў вёску. Калгасныя землі былі раздадзены буйным нямецкім фермерам, якія прымусілі працаваць у полі мясцовае насельніцтва. Жыхары чулі і ведалі ад партызанаў пра вёскі, якія былі спалены, пра забойствы мірных жыхароў”.
Вызваленне ад нямецкай акупацыі прыйшло ў канцы чэрвеня 1944 года. А 4 ліпеня ў вёсцы спыніўся вайсковы шпіталь. Камандаванне шпіталя набірала людзей на службу і працу ў ім. Наняліся на працу ў шпіталь чатыры мясцовыя дзяўчыны, сярод якіх была і Аляксандра Рэут. Так пачаліся для маладой санітаркі армейскія ваенныя будні. Вёрсты вайны для шпіталя і Аляксандры пралеглі ў Беларусі праз Слуцк, Брэст. Дзяўчына-санітарка на свае вочы наглядзелася жудасцяў вайны – параненых, пакалечаных салдат і афіцэраў шмат прайшло праз шпіталь. Дзявочае сэрца і рукі клапатліва засцярагалі іх у шпіталі ад смерці. Пасля вызвалення Беларусі шпіталь за баявымі вайсковымі часцямі быў накіраваны ў Польшчу. Спыніліся ў горадзе Лодзь, дзе Аляксандра і сустрэла Перамогу.
За ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне Аляксандра Пятроўна Савельева ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені (1987 г.), медалём імя Г.К.Жукава, шматлікімі юбілейнымі медалямі.
Пасля заканчэння вайны вярнулася ў родныя мясціны. Набыўшы медыцынскі вопыт Аляксандра Пятроўна вырашыла атрымаць адпаведную адукацыю. Яе прынялі ў Слонімскае медыцынскае вучылішча. Пасля заканчэння вучобы ў 1950 годзе накіравалі на працу ў Казлоўшчынскую бальніцу ў якасці медыцынскай сястры. Тут яна выйшла замуж за работніка ваенкамата Уладзіміра Савельева. У іх нарадзілася двое дзяцей, сын Сяргей і дачка Ірына.
Медыцынскай сястрой тэрапеўтычнага аддзялення працавала Аляксандра Пятроўна да верасня 1978 года. За старанную працу была адзначана медалём “Ветэран працы”.
Ваенныя гады, цяжкі пасляваенны час адмоўна паўплывалі на здароўе жанчыны. Спачатку ёй прызначылі трэцюю групу інваліднасці па працы, затым – другую. Дзеці раз’ехаліся, жыла адна, але ветэрана вайны часта наведвалі вучні Казлоўшчынскай сярэдняй школы.
Памерла 4 верасня 2018 года.