
17 мая ў рамках міжнароднай акцыі «Ноч музеяў — 2025» у Краязнаўчым музеі Полацка прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да 100-годдзя Полацкага краязнаўчага таварыства. На падставе матэрыялаў, сабраных вядомымі даследчыкамі мясцовай гісторыі ў ХХ ст., была падрыхтавана тэматычная экскурсія «Краязнаўцы Полацка расказваюць». Яна ахапіла ўсе залы музейнай экспазіцыі. Партнёрамі і ўдзельнікамі акцыі сталі навучэнцы і педагогі ДУА «Сярэдняя школа № 14 імя М. С. Грыневіча». У ролі юных экскурсаводаў выступілі школьнікі сярэдніх і старэйшых класаў.
Арганізацыі і правядзенню мерапрыемстваў папярэднічала вялікая падрыхтоўчая праца. На працягу месяца хлопцы і дзяўчаты вучылі тэкст тэматычнай экскурсіі, распрацаваны загадчыкам Краязнаўчага музея І. П. Водневай. Пад кіраўніцтвам А. І. Каленік, В. І. Кулінок і В. В. Хруцкай вучні сістэматычна праводзілі рэпетыцыі ў музеі, пастаянна трэніраваліся і ў школе. Вынікам працяглай і крапатлівай падрыхтоўцы стаў высокі ўзровень правядзення экскурсій на пляцоўцы музея. Юныя экскурсаводы змаглі пазнаёміць наведвальнікаў з найбольш цікавымі старонкамі гісторыі Полаччыны, а асобныя факты для палачан былі агучаны ўпершыню.
У завяршэнні экскурсій наведвальнікам быў прапанаваны прагляд дакументальнага фільма «Да 80-й гадавіны вызвалення Віцебшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Кароткаметражная кінастужка, падрыхтаваная на аснове матэрыялаў з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотадакументаў, была прадастаўлена яшчэ адным партнёрам музея — Занальным дзяржаўным архівам у г. Полацку.
Тыя ж жыхары і госці горада, каго не прыцягнула тэматычная экскурсія, змаглі атрымаць асалоду ад жывой музыкі ля сцен музея. Народны ансамбль «Настроение» педагогаў ДУА «Сярэдняя школа № 14 імя М. С. Грыневіча» арганізаваў святочны канцэрт «Нам жыць і памятаць». У яго выкананні прагучалі такія музычныя нумары, як «Военный марш», «Вяртанне да спадчыны», «Полочаночка» і іншыя.