Выстаўка “Напалеон Орда і наша мінуўшчына” са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь экспануецца ў Полацку

Выстаўка “Напалеон Орда і наша мінуўшчына”

З 21 студзеня Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь праводзіць ў залах Карціннай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка выстаўку “Напалеон Орда і наша мінуўшчына” ў рамках праекта “Культурная сталіца”, ініцыяванага Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.
Экспазіцыю склалі 63 графічныя творы са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Упершыню шырокі паказ твораў Напалеона Орды прайшоў у музеі ў 2007 годзе і быў прымеркаваны да 200-годдзя з дня нараджэння мастака, кампазітара, літаратара, гісторыка. Замалёўкі помнікаў архітэктуры, славутых мясцін створаны ім падчас вандровак па Беларусі, Літве, Польшчы, Украіне. Усе яны выкананы алоўкам з падмалёўкам акварэллю, гуашшу альбо сепіяй. Большасць арыгінальных твораў Напалеона Орды знаходзяцца ў Народным музеі ў Кракаве, Народным музеі ў Варшаве, альбом акварэляў – у бібліятэцы імя Стэфаніка ў Львове.
У 1873 годзе Орда пачаў працу над “Альбомамі відаў гістарычных польскіх”. Усяго было выдадзена 8 альбомаў, у якія ўвайшлі 260 малюнкаў-літаграфій. Сто дваццаць з іх прысвечаны беларускім губерням. Мастак сістэматызаваў свае творы – кожнай губерні прысвячалася асобная папка. Літаграфіі з малюнкаў Орды выканаў Алаіз Місуровіч на літаграфскім камбінаце Максіміляна Фаянса ў Варшаве. Літаграфіі разышліся па свеце. Вялікая калекцыя літаграфій з малюнкаў Напалеона Орды знаходзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.