У суботу, 8 верасня, запрашаем усіх, хто ставіцца не абыякава да гісторыі і культуры сваёй малой Радзімы, наведаць Музей беларускага кнігадрукавання. А 15-й гадзіне ў канферэнц-зале адбудзецца прэзентацыя кнігі апантанага вывучэннем белых плямаў у мінулым Полаччыны Міхася Баўтовіча. Новае выданне «Кнігадрук у Полацку (1774-1829)» сталася вынікам 10-гадовай працы даследчыка, які па драбінках збіраў звесткі пра кніжную спадчыну полацкіх езуітаў.
Дзень правядзення мерапрыемства абраны не выпадкова. Менавіта 8 верасня Музей беларускага кнігадрукавання адзначае свой Дзень нараджэння. На гэты раз гасцей будзе чакаць не толькі сустрэча з аўтарам «Кнігадруку...» М. Баўтовічам, але і прэзентацыя новых набыткаў музея-запаведніка гэтага года - двух выданняў езуіцкай друкарні.
Шчыра запрашаем усіх цікава правесці гэты дзень разам!