29 верасня 2023 года ў Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча адкрываецца часовая экспазіцыя аўтарскіх мастацкіх работ народнага пісьменніка Беларусі Васіля Уладзіміравіча Быкава. Выстава падрыхтавана сумесна з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры.
Творчасць выбітнага празаіка Васіля Быкава заўсёды прыцягвае ўвагу аматараў літаратуры. Але не шмат хто ведае, што сусветна вядомы літаратар спрабаваў сябе і ў выяўленчым мастацтве. Пра гэтае захапленне, якое сам Быкаў іранічна называў “мастацкі зуд” пры яго жыцці ведалі толькі родныя ды блізкія сябры. І хоць выяўленчая спадчына Васіля Быкава налічвае сотні адзінак, яна і дасюль застаецца ў поўнай меры не вядомай не толькі прыхільнікам яго таленту, але і быкаўскім біёграфам.
Пасля заканчэння васьмі класаў Кубліцкай сярэдняй школы Васіль Быкаў паступіў на жывапіснае аддзяленне Віцебскага мастацкага вучылішча.
Праўда, тут ён правучыўся нядоўга: праз нейкі час у вучылішчы арганізавалася скульптурнае аддзяленне, куды з невялікай групай хлопцаў перайшоў і Быкаў. Скульптура давалася яму лёгка, але жывапіс вабіў болей. Аднак і на скульптурным юнак правучыўся няшмат: увосень 1940-га стыпендыі былі адменены, а ў сям’і Быкавых не было грошай на вучобу, таму іх старэйшы сын вымушаны быў вярнуцца дадому.
У хуткім часе Васіль Быкаў зноў прыехаў у Віцебск, але цяпер вучыўся ў фабрычна-завадской вучэльні.
«Сумаваў па мастацтве, у вольны час бегаў у музеі, – прызнаваўся ён праз шмат гадоў. – Часам увечары падыходзіў да мастацкага вучылішча, заглядваў у нізкія вокны скульптурнага класа, узіраўся ў знаёмыя твары шчасліўчыкаў. Але не зайшоў ні разу». «Было сорамна і балюча...» – напіша ён ва ўспамінах.
Аднак улюбёны занятак Быкаў усё ж не кінуў: маляваў нават на фронце. А пасля дэмабілізацыі патрапіў у Гродна, дзе працаваў у мастацкіх майстэрнях.
Пра літаратарскі лёс ён тады ўсур’ёз не задумваўся. А калі ў друку пачалі нарэшце з’яўляцца яго першыя апавяданні, часам яны аздабляліся аўтарскімі ілюстрацыямі. Нават стаўшы выбітным пісьменнікам, Васіль Быкаў заўсёды знаходзіў час для алоўка, пэндзля і паперы.
Сімвалічна, што выстава адкрываецца ў будынку таго самага вучылішча (якое заснаваў, дарэчы, сам Марк Шагал), дзе раскрыўся мастацкі талент будучага слыннага пісьменніка, нібыта праз гады “вяртаючы” Віцебску Быкава-мастака.
Краявіды, хаткі, падворкі з часоў дзяцінства, успаміны аб вайне, жыццёвыя ўражанні, прыемныя і не вельмі выпадкі з жыцця, самаіранічныя здзекі, засваенне аўтамабільнай справы, будаўніцтва дачы ў Ждановічах пад Мінскам – шмат чаго “ахапіў” аловак Васіля Быкава. Больш за 70 графічных і жывапісных работ Васіля Быкава прадстаўлена на выставе. І кожная па-мастацку дакладна і яскрава распавядае нам пра пэўную падзею, здарэнне ці эпізод з жыцця нашага выбітнага земляка.
Выстава будзе дзейнічаць да 13 лістапада 2023 года.
Адрас: г.Віцебск, вул.Марка Шагала, 5а.
Тэл. +375 (17) 395-44-47 (Мінск), +375 (212) 68-01-25 (Віцебск).