Фотавыстава "БАЛТЫЙСКІ ШЛЯХ, ЯКІ ЗМЯНІЎ СВЕТ" падзеi 23 жніўня 1989 г.

18 лютага 2010 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстава «Балтыйскі шлях, які змяніў свет», прысвечаная 20-м угодкам чалавечага ланцуга, які злучыў тры балтыйскія дзяржавы ў іх імкненні да свабоды.

23 жніўня 1939 г. міністры замежных спраў СССР і Германіі – Вячаслаў Молатаў і Йоахім фон Рыбентроп, па загаду сваіх кіраўнікоў І. Сталіна і А. Гітлера, падпісалі дамову, якая закранала лёс Еўропы і ўсяго свету. Гэты пакт і яго сакрэтныя пагадненні падзялілі сферы ўплыву СССР і Германіі і прывялі да Другой сусветнай вайны, а таксама да акупацыі трох балтыйскіх дзяржаў – Эстоніі, Латвіі і Літвы.
Праз 50 гадоў, 23 жніўня 1989 г., гэтыя тры нацыі, якія жывуць ля Балтыйскага мора, здзівілі свет тым, што ўзяліся за рукі і сумесна запатрабавалі прызнаць існаванне сакрэтных пунктаў у Пакце Рыбентропа-Молатава і ўзнавіць незалежнасць балтыйскіх дзяржаў. Больш за мільён чалавек узялі адзін аднаго за рукі, каб стварыць доўгі чалавечы ланцуг, які расцягнуўся на 600 км і звязаў тры балтыйскія сталіцы: Талін, Рыгу і Вільнюс.
Балтыйскі шлях прычыніўся да істотных змен у гісторыі свету, якія сталі магчымы сацыяльнаму адзінству, упэўненасці і веры, выяўленых кожным асобным чалавекам на шляху да агульнай мэты.
Балтыйскі шлях стаўся з'явай, якая паказала, як тры маленькія краіны – балтыйскія дзяржавы, незалежна ад сваіх нацыянальных характарыстык, стварылі сумесную міжкультурную духоўную акцыю для таго, каб дасягнуць агульнай мэты – пераадолець наступствы Другой сусветнай вайны і знішчыць таталітарныя рэжымы. Балтыйскі шлях – гэта гістарычны знак, які жыве ў калектыўнай памяці і узбагачае разуменне сэнсу і каштоўнасцяў, салідарнасці і свабоды самавыяўлення.
Выстава “Балтыйскі шлях, які змяніў свет” створаная з удзелам усіх фатографаў, якія дакументавалі гэта мерапрыемства.
Экспануюцца 40 фатаграфій і фота-калажаў. Кожная фатаграфія – гэта цэлая гісторыя аб лёсах нацый і людзей, аб калектыўнай памяці і гістарычным самаўсведамленні.
Куратар – Ілмарс Зноціньш, фотажурналіст