Фотавыстаўка «Злата Прага»

4 мая ў Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка адкрылася выстаўка «Злата Прага», якая ўключае тры тэматычныя фотавыстаўкі «Вальдштэйнскі сад», «Музей Кампа ў Празе» і «Пэт-мастацтва Веронікі Ріхтеравай».
Выстаўка арганізавана Амбасадай Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і прымеркавана да 1150-гадовага юбілея Полацка – найстаражытнейшага горада Беларусі.
«Злата Прага» – такая паэтычная назва горада ўзнікла ў часы Карла IV, чэшскага караля, па загаду якога былі пакрыты золатам дахі вежаў над брамай Пражскага Града.
Прага – адзін з найпрыгажэйшых гарадоў свету. Амаль кожны беларус, – аматар вандраваць, наведаў гэты цудоўны горад. Несумненна, усе госці Прагі імкнуцца прайсціся па Карлову масту і непаўторных сярэднявечных вулачках, убачыць велічны кафедральны сабор Святога Віта, Старамесцкую плошчу і сусветна вядомыя куранты 1410 года на ратушы Старога горада.
Але галоўная мэта фотавыстаўкі – паказаць Прагу ў незвычайным ракурсе, адрозным ад бачання гэтага горада на выявах рэкламных праспектаў і вітрынаў турыстычных агенцтваў.

«Вальдштэйнскі сад» – такую назву мае адзін з вядомых садоў Прагі ў стылі барока, закладзены ў 1623 г. разам з аднанайменным палацам знакамітым герцагам Альбрэхтам Вальдштэйнам – палкаводцам і асабістым сябрам імператара Фердынанда.
Вальдштэйнскі сад – выдатны ўзор «садового маньеризма»: у эпоху барока скульптары і архітэктары імкнуліся падкрэсліць кантраст паміж прыродным і штучным асяроддзем.
Увазе наведвальнікаў фотавыстаўкі прадстаўлены выявы як скульптурнага ўбрання Вальдштэйнскага сада, так і яго прыроднай прыгажосці.

«Музей Кампа ў Празе» – адзін з найбольш знакамітых у Еўропе, дзякуючы высокаму ўзроўню калекцыі сучаснага мастацтва еўрапейскіх аўтараў. Асаблівасць музея у тым, што ён з'яўляецца своеасаблівым падарункам – больш за 200 мастацкіх твораў іх уласнікі – Меда і Ян Младковы падаравалі Празе, працягнуўшы такім чынам высакародную чэшскую традыцыю – падтрымліваць і ўзбагачаць нацыянальную культуру.
Музей быў адкрыты ў 2003 годзе ў рэканструяваным будынку Савовых млыноў XIV ст.
Фотавыстаўка дэманструе арыгінальныя мастацкія творы, прадстаўленыя ў экспазіцыі Музея Кампа, у тым ліку «Пэт-мастацтва Веронікі Ріхтеравай».
Вядомая абрэвіятура ПЭТ (поліэцилентерефталат) – самы распаўсюджаны тэрмапластычны поліэстр. Толькі ў Чэшскай Рэспубліцы штогод вырабляецца каля 60 тысяч тон ПЭТ-бутэлек.
З таго моманту, калі ў 2004 годзе Вероніка Ріхтерава ўпершыню ў якасці эксперымента выкарыстала звычайную пластыкавую бутэльку, надышоў радыкальны пералом у яе творчасці. Прыдатны для мадэлявання ПЭТ з'яўляецца для яе матэрыялам для ўвасаблення ў жыццё творчага патэнцыялу. Гэты накірунак сваёй творчасці Вероніка называе ПЭТ-мастацтва. Мастак Міхал Цыгларж суправаджае аўтарскія творы тэкстамі і фотаздымкамі, якія даюць магчымасць новага погляду на жыццё звычайнай пластыкавай бутэлькі.
З рознакаляровай пластыкавай тары Вероніка Ріхтерава стварае цудоўны свет флоры і фауны: кветкі, дрэвы, рыбы, медузы, матылькі і інш.
Фотавыстаўка «Злата Прага» працягне сваю работу да 23 мая.

887