БАРАВЫЯ ДАЛІ САЛАЎЯ
(Да 95-годдзя з дня нараджэння беларускага жывапісца І.А.Салаўя)
Назва вёскі Баравыя, як сцвярджаюць дасведчаныя людзі, паходзіць ад слова бор, дзе растуць крамяныя прыгажуны баравікі. Яшчэ і сёння лясы вакол вёскі прывабліваюць сваёй непаўторнай першазданнасцю, бо людзі клапоцяцца, каб пакінуць у спадчыну нашчадкам не пустэльню, дзе немагчыма выжыць чалавеку, а багаты прыроднымі дарамі рай.
Яшчэ ў няўрымслівым дзяцінстве любіў ён гадзінамі блукаць па ваколіцах вёскі і занатоўваць убачанае і адчутае на паперы. Эскізы пасля пераўтвараліся пад таленавітай рукой майстра ў шыкоўныя непаўторныя мастацкія палотны, якім па-добраму пазайздросцяць масцітыя сталічныя мастакі.
Ды і сам Іван Аляксандравіч атрымаў грунтоўную адукацыю.
Яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны паспеў скончыць славутае Віцебскае мастацкае вучылішча. Яго вучылі майстэрству пэндзля такія вядомыя ў Беларусі і за яе межамі таленавітыя педагогі, як Л.М.Лейтман, І.А.Ахрэмчык і Х.Е.Даркевіч.
Выкарыстаць напоўніцу непаўторны талент і атрыманыя веды перашкодзіла вайна. І хаця ён не трапіў на перадавую, – пасля заканчэння навучальнай установы атрымаў званне афіцэра – служба ва ўнутраных войсках была не толькі не лягчэйшай, а ў нечым і больш небяспечнай і складанай.
Іван Аляксандравіч не любіў ваенную тэматыку: вядомыя толькі дзве яго работы
гэтага накірунку. Затое запамінаюцца раз і назаўсёды. Нельга не сказаць хоць колькі слоў пра карціну "Я ішоў да цябе чатыры гады”.
На першым плане ля магілы намалявана постаць салдата, які вярнуўся дамоў, а каханай жонкі няма: спалілі яе разам з хатай фашысцкія нелюдзі. А высока ў блакіце нябёсаў прывідная выява жаночага аблічча, поўнага жалю, тугі, суму, але без адчаю і роспачы. Побач цёмная хмара з мужчынскім тварам. Карціна з глыбокім філасофскім сэнсам: душы памерлых з надзеяй назіраюць за тымі, хто застаўся жыць і апошнім неабходна апраўдаць дар жыцця.
Бадай, самай прываблівай, любімай і таму шматлікай у творчасці мастака можна назваць тэму маленькай Радзімы. Яна так ці інакш развіта і ў пейзажах ("Ускраінка
вёскі Баравыя”, "Кліч аленя”, "Краявіды Загоршчыны”, "На досвітку”, "Бярозавы вечар” і іншыя), і ў вясковых матывах ("На вадапоі”, "Вывазка ўгнаенняў”, "Па пуцёўцы камсамола”, "Краявіды Загоршчыны”), і ў нацюрмортах.
Дзве карціны пад адной назвай "Беларускі сняданак”, напрыклад, - літаральна ў кожнага вяскоўца (былога ці сённяшняга) выклікаюць цёплыя ўспаміны далёкага дзяцінства з пульхнымі блінцамі, духмянаю смятанкаю, вытанчаным гладышыкам з сырадоем, свяжуткімі яечкамі з-пад курыцы і кумпячком… А характэрны для таго часу посуд: фарфоравыя кубачкі з пазалочаным аздабленнем, гранёны стакан…- успрымаецца як нешта вельмі важнае і каштоўнае, бо часцінкі мінулага чалавек схільны ідэалізаваць і рамантызаваць. І ўсё гэта з такой любоўнай дакладнасцю вымалявана на палотнах, што ствараецца ілюзія адушаўлення мінуўшчыны, яе пранікнення ў сучаснасць.
Нацюрморт "Грыбы” ўспрымаецца як сімвал вёсачкі Баравыя, бо сярод россыпу дароў лесу баравікі – мацакі кідаюцца ў вочы і ўвачавідкі пераносяць гледача ў прыцягальны восеньскі бор. Увогуле, для ўсіх карцін Івана Салаўя характэрна панаванне дэталі, якая выпінаецца з шэрагу іншых
вобразаў і валодае магіяй прыцягнення і ажыўлення ўяўлення.
Прычым, для розных людзей дэталі-вобразы могуць быць таксама розныя. Мастак такім чынам мог дагадзіць людзям з процілеглымі поглядамі і густамі і зусім не дзіўна, што і сёння яго карціны цікавыя людзям.
У яго роднай вёсцы ёсць цэлая галерэя, дзе сабраны не толькі лепшыя палотны мастака, рэчы, якімі карыстаўся творца, але і грунтоўная інфармацыя пра яго жыццё і творчасць. Можна казаць пра наяўнасць музея мастака.
Полустанок. д. Лоша 2005