ОЙ РЭЧАНЬКА, РЭЧАНЬКА
Нататкі з персанальнай кастрычніцкай выставы Леаніда Гоманава да 60-годдзя з дня нараджэння ў Палацы мастацтва.
Прырода ў жывапісе мінскага мастака вельмі далёкая ад гарадской паркавасці і бульварнасці.
Гэта – першароднае асяроддзе, да якога яшчэ не даходзілі сучасныя мэтры з эцюднікамі. Але прыкметы пейзажных сувязей з ціхамірным жыццём чалавека ў яго жывапісных матывах дзе-нідзе ды праяўляецца ў кладачках праз рэчку, у палявых сцяжынках, у шэра-срабрыстых вясковых хацінках, якія арганічна зрадніліся з роднымі мясцінамі.
На выставе Л.Гоманаў прапанаваў увазе гледачоў 27 жывапісных твораў, якія характарызуюць сучасны зрэз яго пейзажных захапленняў.
У. Васюк, Н.Сухавецкая, Л.Гоманаў, Р.Сітніца, Я.Шунейка
17 кампазіцый ён прывёз з магілеўскага мастацкага музея, дзе захоўваецца вялікая калекцыя яго жывапісу. Іншыя пейзажы ён намаляваў спецыяльна для гэтага персанальнага творчага праекта.
Асаблівасцю экспазіцыі з’яўляецца серыя твораў, звязаная з адлюстраваннем мясцін у Заходняй Расіі, дзе працавалі славутыя жывапісцы В.Паленаў, І.Рэпін і інш. Мастака прывабілі матывы такіх рэк як Ака, Скніжка і інш.
Пруд в Поленово, 70х80, х.м., 2013.
Аддаленыя ад вялікіх гарадоў мясцінына берагах расійскіх рэк захавалі сваю маляўнічую прыгажосць і рамантычны характар з тых часоў, калі рускі краявід перажываў свой "залаты век” жывапісу.
І напачатку ХХІ ст. на кожным павароце рачной плыні мінскі пейзажыст заўважае выразныя злучэнні воднай прасторы і аздобленых густымі дрэвамі берагоў, якія ў люстэрку вады пакідаюць свае празрыстыя адбіткі. Такія задуменныя і лірычныя матывы сталі для Л.Гоманава вельмі ўпадабанымі і жывапісна-каларытнымі.
Шмат вобразных ідэй падказалі мастаку і такія рэкі як Дняпро, Беразіна і інш. Дзякуючы няспыннай працы з натуры, пейзажыст, як кажуць, не "засіджваецца” на адным месцы, ўвесь час прыступае да працы над новымі вобразнымі ідэямі, народжанымі на эцюдах у розныя часы году.
Нават цяжка сказаць, вясну, лета, восень ці зіму найбольш любіць ён адлюстроўваць. У цэлым, для ўжо вельмі прыкметнага на выставах "гоманаўскага каларыта” характэрным з’яўляецца мягкая пастэльная гама, тонкая аранжыроўка ўсіх паўтаноў і адценняў. Мастак шукае вельмі гарманічна - ураўнаважаных станаў прыроды, што дапамагае яму ствараць у сучасным жывапісе класічны стыль краявіда.
Ажыццяўленню гэтай вялікай задачы дапамагае і шматгадовы ўдзел Л.Гоманава ў многіх міжнародных пейзажных плэнэрах у Беларусі, Малдове, Расіі, Славакіі, Украіне і іншых краінах.
Са шматлікіх падарожжаў мастак прывёз шмат матэрыялаў с замалёўкамі архітэктурных помнікаў, якія таксама сталі асновай для яго пейзажных кампазіцый, якія выклікаюць роздум над повяззю розных гістарычных часоў, пра захаванне прыродных і архітэктурных заказнікаў і да т.п.
Пасля завяршэння экспанавання твораў прызнаннага пейзажыста ў Мінску, яго персанальныя выставы будуць наладжаны ў Мар’інай Горцы, Крупках, Уздзе і іншых культурных цэнтрах Беларусі і за яе межамі.
Мастак з’яўляецца адным з удзельнікаў праекту ”Выток Нёмана – выток духоўнасці”, і яго творы ўжо не аднойчы дэманстраваліся на перасоўных супольных выставах на Міншчыне і Берасцейшчыне.
З нагоды значнага юбілею і шматгадовай творчай дзейнасці дачка мастака, мастацтвазнаўца В.Гоманава падрыхтавала пра яго творчасць выдатны альбом з тэкстам і ілюстрацыямі, прэзэнтацыя якога неўзабаве адбудзецца ў сталіцы.
Мастацтвазнаўца Яўген Шунейка
--------------
Крыніца
--------------