ПАД КРЫЛАМІ АНЁЛА
Усё пачалося сёлета з ініцыятывы дырэкцыі Уздзенскага сельскагаспадарчага ліцэя, якая прапанавала мастакам, удзельнікам праекта "Выток Нёмана-выток духоўнасці”, а таксама ініцыятарам стварэння пры згаданым ПТУ галерэі рэгіянальнага краявіда напісаць ліст у Мінскі аблвыканкам з мэтаю правядзення кароткатэрміновых жывапісных плэнэраў.
Планавалася, што пейзажы, партрэты, нацюрморты, створаныя падчас працы з натуры, потым будуць перадавацца раённым бібліятэкам, краязнаўчым музеям, школам і іншым установам для паваышэння эстэтычнага выхавання нашых суайчыннікаў.
Прапанова была ўспрынята з належным разуменнем і мастакоў далучылі да дабрачыннага марафона "Крылы анёла", які стартаваў у Салігорску 26 кастрычніка.
Ён прызначаны для прапаганды сярод моладзі каштоўнасцей сямейнага жыцця і будзе працягвацца да кастрычніка наступнага года ва ўсіх 22-х раёнах Міншчыны.
Мастакі падрыхтавалі тэматычную выставу, прысвечаную радасці мацярынства і цнатлівай маладосці, адмаўленню ад беспадстаўнага перапынення цяжарнасці і іншым актуальным тэмам маральнасці і духоўнасці. Яна экспанавалася ў Салігорскім цэнтры мастацкага выхавання, дзе праходзілі ўсе асноўные мерапрыемствы марафона. А самі мастакі скіраваліся шукаць маляўнічыя матывы салігорскага раёна.
Некалькі дзён М.Мішчанка, В.Нямцоў, Л.Гоманаў, А.Філіповіч с захапленнем малявалі наваколле Салігорска з будынкамі захаваных млыноў на берагах ракі Случ, нават адлюстравалі штучныя салігорскія горы, што ўтварыліся непадалёк горада ў выніку працы шахт, дзе інтэнсіўна здабываецца з нетраў зямлі калійная соль.
Лепшыя працы плэнэрыстаў былі перададзены Салігорскаму цэнтру творчасці. Першымі іх гледачамі былі вясковыя дзеці, а таксама дырэктар цэнтра Аксана Анатольеўна Кукліцкая і супрацоўніца цэнтра Іна Міхайлаўна.
Яны былі выдатнымі арганізатарамі першага плэнэра і заслужылі ад мастакоў шмат слоў удзячнасці. У сярэдзіне лістапада падобны плэнэр у кантэксце мерапрыемстваў дабрачыннага марафона будзе праведзены ў Жодзіна.
Яўген Шунейка, актывіст праекта "Выток Нёмана-выток духоўнасці” і ўдзельнік тэматычнай выстаўкі "Крылы анёла"
-------------------
Крыніца
-------------------