Калядныя сустрэчы ў Доме Коласа


Проект «Калядныя сустрэчы ў  Доме Коласа». Литературно-мемориальный музей Якуба Коласа». г. Минск, 2018 г.

Дом Якуба Коласа заўжды славіўся гасціннасцю і быў своеасаблівай творчай майстэрняй для таленавітых людзей. Сёння традыцыя святочных сустрэч не спыняецца, а толькі працягваецца. Імкненне падзяліцца планамі на будучыню і абмеркаваць надзённае збірае ў доме Якуба Коласа людзей, якія гатовыя па-за штодзённым тлумам несці сардэчнасць, шчырасць, клопат, як гэта рабіў і сам народны паэт. Наколькі чалавек можа звацца чалавекам часта вельмі красамоўна расказваюць яго справы і тое, наколькі ён можа ахвяраваць сабой дзеля чагосьці годнага і вечнага. Якуб Колас любіў сваіх сяброў, жыў напоўніцу і з адкрытым сэрцам дапамагаў, як толькі мог, словам, парадай, падтрымкай у цяжкія і бязрадасныя хвіліны. У гэты святочны час у доме Якуба Коласа таксама кожны можа знайсці згубленую альбо страчаную надзею на тое, што толькі з даверам і любоўю можна змяняць свет і адкрываць яго наноў.

17 студзеня 2018 года ў 15:00 у межах праекта “Калядныя сустрэчы ў Доме Коласа” адбудзецца сустрэча з землякамі Якуба Коласа. Мікола Маляўка, Казімір Камейша, Яўген Хвалей і Дзмітрый Дземідовіч падзеляцца сваімі ўспамінамі пра святкаванне Каляд і Новага году на Стаўбцоўшчыне, а таксама прачытаюць вершы зімовай тэматыкі.

31 студзеня 2018 года музей Якуба Коласа запрашае на літаратурна-музычны канцэрт-прэзентацыю выставы мастака Эдуарда Мацюшонка “Адчуванне сябе…”. Эдуард Уладзіміравіч Мацюшонак з 1984 года жыве і працуе ў Вілейцы Мінскай вобласці, выкладае сусветную мастацкую культуру і маляванне ў гімназіі «Логас», кіруе выяўленчай студыяй «Вясёлка». Эдуард Уладзіміравіч актыўна займаецца гісторыка-мастацкай дзейнасцю, вяртаючы імёны незаслужана забытых мастакоў Беларусі, сярод якіх Нікадзім Сілівановіч, Леў Альпяровіч і Уладзіслаў Страмінскі. Творча пераасэнсоўвае спадчыну Язэпа Драздовіча. Яго работы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, ЗША і Германіі. Падчас мерапрыемства мастак распавядзе пра кожную сваю работу пад гукі інструментальнай музыкі. Добрым працягам вечара стане літаратурна-музычная кампазіцыя “Адчуванне сябе” па вершах Якуба Коласа, Івана Лашуткі, Уладзіміра Цануніна, Іны Фраловай, Валерыя Максімовіча ў выкананні народнага калектыву аўтарскай песні “Элегія” Цэнтра эстэтычнага выхавання г. Вілейкі.

Сардэчна запрашаем!

Адрас музея: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5.
Афіцыйны сайт: www.yakubkolas.by

220