З місіяй – у падарожжа


Паездка — вопыт для кожнага з нас, а для паэта — гэта магчымасць натхніцца, напісаць верш, распавесці суайчыннікам пра іншы, далёкі і часам незнаёмы свет.
Пятрусь Броўка (1905-1980), вядомы як народны паэт Беларусі, за сваё доўгае жыццё пабыў у самых розных кутках свету: як у краінах-суседках, так і ў краінах далёкага замежжа. Паколькі ён быў прадстаўніком беларускага прыгожага пісьменства і грамадскім дзеячам, падарожжы паэта адбываліся часцей як працоўныя камандзіроўкі. Перадача культурнай спадчыны і мірных ідэй паміж народамі і краінамі была адказнай місіяй, якую актыўна ажыццяўляў беларускі паэт.
Ужо ў даваенны час Пятрусь Броўка рэгулярна ўдзельнічаў у літаратурных імпрэзах і культурных мерапрыемствах. У складзе пісьменніцкіх дэлегацый паэт аб’ездзіў вялікую колькасць беларускіх гарадоў і вёсак. Адбываліся пісьменніцкія вандроўкі і ў гарады на той час савецкіх рэспублік: Вільнюс, Рыга, Ташкент, Масква, Кіеў і інш.
У пасляваенныя часы Пятрусь Броўка ўсё часцей выязджаў за межы СССР. У 1948—1967 гг. — старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, а з 1963 г. — сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага савета БССР (1947—1955) і Вярхоўнага Савета СССР (1956—1980). Адказныя пасады давалі паэту магчымасць быць у пэўным сэнсе правадніком культур, стваральнікам міжкультурнай камунікацыі паміж Беларуссю і іншымі народамі свету. Ён выступаў з дакладамі на дэкадах беларускай літаратуры ў розных краінах, на кангрэсе за разбраенне і міжнароднае супрацоўніцтва, у Палітычным камітэце ХІV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Украіна, Літва, Латвія, Расія, Венгрыя, Балгарыя, Польшча, ЗША, Грузія, Узбекістан, Нарвегія, Швецыя — далёка не поўны спіс краінаў, дзе пабываў Пятрусь Броўка. У апошняе дзесяцігоддзе свайго жыцця ён таксама наведвае розныя гарады СССР з нагоды адпачынку і санаторнага лячэння.
Варта адзначыць, што ў большасці сваіх падарожжаў пісьменнік вёў падрабязныя пуцяводныя нататкі, дзе апісваў свой вопыт знаёмства з культурай і традыцыямі розных народаў, што пазней служыла матэрыялам для стварэння публіцыстычных артукулаў і мастацкіх твораў. Дзённікавыя запісы паэта дапамагалі і пры стварэнні выставы.

703