Стараабрадніцкія кнігі з фондаў Наўгародскага і Полацкага музеяў-запаведнікаў


У экспазіцыі прадстаўлены рукапісныя і друкаваныя стараабрадніцкія кнігі XVIII – пачатку XX стст. з фондаў Наўгародскага аб'яднанага музея-запаведніка і Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. У афармленні стараабрадніцкіх кніг выдзяляюць наступныя мастацкія стылі: паморскі (Памор'е), гусліцкі (Маскоўская губерня), веткаўскі (Палессе) і паволжскі (Паволжа). На выстаўцы ўпершыню выстаўлены для агляду «Жыціе Грыгорыя Амірыцкага і «Паморскія адказы» (са збору Наўгародскага запаведніка), «Апостал» і «Канонік» (са збору Полацкага запаведніка).

Стараабрадцы (як сінонім выкарыстоўваецца тэрмін «стараверы») – этнаканфесійная група, прадстаўнікі якой рассяліліся на беларускіх землях у сярэдзіне XVII ст. Гэтаму папярэднічала рэформа Рускай праваслаўнай царквы, якую ініцыяваў патрыярх Нікан. Яна раскалола грамадства на тых, хто падтрымаў яе, і тых, хто адмовіўся. За апошнімі і замацавалася назва «стараверы». Пад пагрозай рэпрэсій яны эмігрыравалі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай. Стараабрадцы заснавалі на беларускіх землях два буйныя цэнтры: на Падзвінні (Браслаў, Відзы) і на Палессі (Ветка). Сёння ў Беларусі пражываюць стараабрадцы пераважна паморскай згоды (38 абшчын старавераў-паморцаў).

Тэлефон для даведак: 46-57-25.

210