Маляваныя сны Паўла Марціновіча


Любанскі музей народнай славы запрашае  на выставу “Маляваныя сны Паўла Марціновіча”, якая працуе ў будынку па вуліцы Леніна, 17. У экспазіцыі прадстаўлены самабытныя жывапісныя работы самадзейнага мастака П. Я. Марціновіча.

Павел Яўхімавіч Марціновіч (1911-1980) нарадзіўся ў вёсцы Засмужжа Любанскага раёна. Быў звычайным  вясковым  жыхаром.   Маляваць дываны пачаў яшчэ ў 1930-я гады, але найбольш запатрабаванымі яго работы сталі ў пасляваенны час, калі людзі ўзнаўлялі разбураныя хаты,  прагнулі ўтульнасці і прыгажосці, марылі аб светлай будучыні. “Маляваныя каўры”- менавіта так найчасцей называюць гэтыя палотны вяскоўцы – сталі прадметам гонару і сімвалам раскошы таго часу.

Сёння вядома больш трыццаці “маляванак” Паўла Яўхімавіча на пяць сюжэтаў у розных варыянтах. Кожны новы дыван не копія папярэдніх, а новае перажыванне на вядомую тэму, повад для імправізацыі. На сваіх работах мастак стварыў уласны фантастычны свет, у якім усе дзеянні адбываюцца ў адной прасторы і цесна звязаны паміж сабой.

Самабытная творчасць Паўла Марціновіча - яркая старонка ў традыцыйнай мастацкай культуры Беларусі. Ёсць надзея, што хутка стануць вядомы і іншыя работы таленавітага прадстаўніка беларускага інсітнага мастацтва.

389