Персанальная выстава жывапісу і графікі «АДЛЮСТРАВАННЕ» сябра Беларускага саюза мастакоў Аляксандра Мікалаевіча Пашкевіча, прысвечаная 50-годдзю творчай дзейнасці аўтара


27 сакавіка 2024 года а 18-й гадзіне ў Галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы жывапісу і графікі “АДЛЮСТРАВАННЕ” сябра Беларускага саюза мастакоў Аляксандра Мікалаевіча Пашкевіча, прысвечанай 50-годдзю творчай дзейнасці аўтара.

На выставе Аляксандра Пашкевіча “Адлюстраванне” прадстаўлена больш за 60 графічных і жывапісных работ мастака. Экспазіцыю складаюць творы з асабістай калекцыі аўтара і з фондаў ДУ “Мінскі абласны краязнаўчы музей”.

Праект, прадстаўлены ў Галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва, атрымаў назву “Адлюстраванне” – гэта адлюстраванне думак, пачуццяў, светапоглядаў, нават адлюстраванне цэлага сусвету навокал і не менш насычанага, складанага сусвету ўнутры чалавека. Эмоцыі і разважанні аўтара транслююць у асноўным не сюжэты, а багатая, вельмі выразная каларыстыка, формы і аднолькава захапляючая дынаміка альбо статычнасць. Карціны абстрактнага накірунку быццам бы маюць нейкую чароўную асаблівасць – чым больш глядзіш на іх, тым складаней ад іх адарвацца. Формы, узоры, геаметрычныя лініі, тэкстуры і смелыя яркія колеры падкрэсліваюць настрой і пачуцці мастака. Аляксандр Пашкевіч “счытвае” свет па-свойму, праз гаму ўласных адчуванняў.

Вельмі цікава звярнуць увагу на тое, якія розныя творы ў Аляксандра Пашкевіча. Адны – дакладная геаметрыя і лакальныя колеры, іншыя – пяшчотная дымка такіх знаёмых і родных беларускіх пейзажаў. Магчыма, менавіта ў гэтым можна ўбачыць адлюстраванне і кожнага з нас, бо ў розныя моманты жыцця мы адчуваем сабе моцнымі ці няўпэўненымі, прагматыкамі ці летуценнікамі, разумнымі дарослымі ці непаслухмянымі дзецьмі. Уражвае, таксама, і часовы дыяпазон прадстаўленых работ. Экспазіцыя дае магчымасць прасачыць шлях мастака ад пачатку 70-х гадоў да сённяшняга дня і ўбачыць усе тыя змены, якія няўхільна адбываюцца ў яго творчасці з цягам часу. Мастацтва А.Пашкевіча – гэта мастацтва са знакам шматкроп’я ў канцы.

Аляксандр Пашкевіч скончыў Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.К. Глебава. Дагэтуль навучаўся ў студыі выяўленчага мастацтва пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. На працягу 13 гадоў выкладаў у мастацкай школе горада Маладзечна. Творы мастака захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага саюза мастакоў, Мінскага абласнога краязнаўчага музея, Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, Нацыянальнай бібліятэцы Лондана і шматлікіх прыватных калекцыях. Мастак жыве і працуе ў горадзе Маладзечна.

Выстава працягне сваю работу па 5 мая 2024 года.

Галерэя мастацтваў Леаніда Шчамялёва

г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 10
серада – нядзеля, 11.00-19.00
(017) 342 24 26; minskmuseum.by

Уваходны квіток на выставу:

4,00 руб. – для дарослых
3,00 руб. – для студэнтаў
2,00 руб. – для школьнікаў

355