Выстава акварэлі «Вобраз горада» Фелікса Гумена


22 сакавіка 2024 года ў 15.00 у Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы акварэлі Фелікса Гумена «Вобраз горада».

Фелікс Гумен — мастак і педагог, які жыве і працуе ў Віцебску, але пачынаў ён сваю дзейнасць ў якасці настаўніка ў Полацку і Наваполацку. У творчасці мастака Полацк з яго краявідамі, вуліцамі, храмамі і завулкамі існаваў заўсёды.

Фелікс Фёдаравіч Гумен нарадзіўся 28 сакавіка 1941 года ў сям’і вайскоўца на Далёкім Усходзе, у сяле Кальцова Амурскай вобласці. Сям’я часта пераязджала з месца на месца. Школу Фелікс скончыў у Ваўкавыску, з 1958 года вучыўся на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава. Свой дыпломны праект Фелікс Гумен абараняў у тэхніцы акварэлі, што з’явілася першым крокам да прызнання акварэльнай тэхнікі ў якасці жывапіснай, а ў далейшым спрыяла стварэнню знакамітай Віцебскай школы акварэлі.

Пасля заканчэння мастацка-графічнага факультэта, у 1965—1974 гадах, ён выкладаў жывапіс у Віцебскім педагагічным інстытуце і выхаваў шмат віцебскіх акварэлістаў, якія стварылі з цягам часу так званую Віцебскую школу акварэлі. Тэрмін «Віцебская акварэль» стаў своеасаблівым брэндам горада.

Пачынаючы з 1972 года адбылося больш за 20 персанальных выстаў мастака, творчы шлях якога адзначаны Ганаровым знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, медалём за заслугі ў выяўленчым мастацтве, шматлікімі прэміямі і граматамі.

Творы Ф. Ф. Гумена знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза мастакоў, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П. В. Масленікава, Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, а таксама ў прыватных калекцыях Беларусі і іншых краін свету.

Творы Фелікса Гумена непаўторныя і дзіўныя, яны выпраменьваюць такую моцную пазітыўную энергію, што гледзячы на іх, душа напаўняецца цяплом і спакоем.

Выстава працуе да 23 красавіка 2024 года, чакаем вас!

352