Мастак акварэлі

×

Статус

Спасибо за голос!

28 лютага споўнілася 75 гадоў з дня нараджэння беларускага мастака Вікенція Іванавіча Ражко, ураджэнца вёскі Гербелевічы Дзятлаўскага раёна. Вікенцій Ражко - вядомы мастак-жывапісец, акварэліст. Творцы не стала ў 2021 годзе.

Працаваў у станковым жывапісе (акварэлі), пераважна ў жанры пейзажа і партрэта, станковай графіцы. Вікенцій Іванавіч Ражко належыць да той кагорты мастакоў, якіх Бог шчыра надзяліў талентам. Сціплы чалавек, таленавіты творца, ён на працягу ўсяго свайго свядомага жыцця найгалоўнейшай з узнагарод лічыў людскую ўдзячнасць, найвышэйшай адзнакай — людскую пахвалу. Вікенцій Іванавіч чалавек адкрытай душы, які прысвяціў сябе не толькі творчасці, але і людзям. Яго добрае цёплае стаўленне адчувалі як калегі, так і гледачы.

Я ў руках трымаю паштовы ліст ад лютага 2008 года, напісаны рукой мастака, які на той час пражываў у горадзе Ваўкавыску па вуліцы Соф’і Папковай. Тады, наш музейны калектыў, толькі наладжваў сувязі з ім.

У лісце Вікенцій Іванавіч пісаў аб сваёй шматдзетнай сям’і, а дзяцей было сямёра, аб юнацкіх гадах, захапленнях. Хлопчык любіў бываць на прыродзе, любаваўся вясновымі кветкамі і фарбамі восені, зімовай марознай смугой і птушкамі. Міжволі браўся за алоўкі, каб адлюстраваць непаўторныя малюнкі роднага краю на паперы. З дзяцінства марыў стаць мастаком. Бацька збіраўся аддаць хлопчыка ў вучылішча іканапісу, але лёс распарадзіўся інакш.

Першыя прафесійныя навыкі атрымаў яшчэ ў школе ад мастака-педагога Ўладзіміра Іосіфавіча Жука, які прыехаў на працу ў Казлоўшчынскую школу з Мінска. Творчы шлях Вікенція Іванавіча быў вызначаны з вучнёўскіх гадоў.

У 1966 годзе, будучы мастак паступіў на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Алейны жывапіс у інстытуце выкладаў вядомы беларускі мастак А.В. Някрасаў, а акварэль - адзін з выдатнейшых заснавальнікаў беларускай акварэлі – Ф.Ф.Гумен. Дзякуючы гэтым педагогам, Вікенцій Іванавіч атрымаў грунтоўныя веды і падрыхтоўку ў галіне выяўленчага мастацтва. Пасля вучобы ў інстытуце ў пазітыўным сэнсе захварэў акварэллю.

Пасля заканчэння інстытута, з 1971 года, Вікенцій Ражко выкладаў выяўленчае мастацтва ў школе №1 гарадскога пасёлка Зэльва. З гэтага ж часу ён - удзельнік абласных, рэспубліканскіх, усесаюзных і замежных выставак. У 1975-ым - пераехаў у Ваўкавыск, працаваў мастаком у філіяле Гарадзенскіх мастацка-вытворчых майстэрняў "Мастацтва" да 1992 года. Два гады настаўнічаў у СШ № 6 г. Ваўкавыска. А з 1994 года выкладаў выяўленчае мастацтва ў Ваўкавыскім педагагічным каледжы.

У 1991 годзе Вікенцій Іванавіч Ражко ўступае ў творчае жыццё Гродзеншчыны і становіцца членам абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў”. Творчая спадчына Вікенція Ражко заслужана займае дастойнае месца ў музеях і прыватных калекцыях Беларусі Польшчы, Чэхіі, Канады, Германіі.

Шклянка з вадой, пэнзлі і простыя ак­ва­рэль­ныя фарбы — як на ўро­ках малявання. Амаль не­магчыма па­ве­рыць, што з дапамогай гэтых нехітрых прыстасаванняў нараджаюцца шэ­дэў­ры, якія вы­зы­ва­юць захапленне ў знатакоў жы­ва­пісу. Дзякуючы настойлівай працы, пастаяннаму пошуку, Вікенцій Іванавіч авалодаў сакрэтамі акварэльнага жывапісу, менавіта ў гэтым жанры знайшоў сваё прызванне. Акварэллю можна перадаць тонкія каляровыя пераходы, насычанасць прасторы паветрам, багацце кожнага тону. Таму такая непаўторна прыгожая і шматколерная прырода на пейзажах. Простая тэхніка маляўнічых палотнаў вельмі тонка перадае сувязь яго душы з прыродай. У кожнай яго карціне мы бачым паэзію пражытага дня. Менавіта такія сціплыя людзі кожны дзень твораць гісторыю нашай Беларусі, апяваючы яе прыгажосць.

Сярод вядомых твораў мастака - “Месяц”, “Зялёны дзень”, “Марозны вечар”, “Пейзаж з чапляй”, “На Немане”, “Прайшоў летні дождж”, “Апошні снег”, “ Трывожная ноч”, “Дарога”, “Легенда аб горадзе”, “Размова”, “Краявід з храмам”, “Сакавік”, "Цёплая раніца", "Партрэт сястры" і іншыя. Адзін з яго твораў пад назвай “Валокі” прысвечаны роднай вёсачцы Гербелевічы. У работах шмат пяшчоты, цеплыні, пранікнення, мяккасці. Мастак перадае асабістае ўсхваляванае адчуванне прыгажосці ад кожнага схопленага імгнення, ад сустрэчы з чалавекам, ад беларускіх даляглядаў светлымі і яркімі фарбамі. Творы аўтара прапануюць гледачу спыніцца на імгненне, каб атрымаць асалоду ад фарбаў і адчуць духоўнасць кожнага сюжэта.

Памятаю першую сустрэчу з мастаком у пачатку 2018 года, калі мы запрасілі яго на прэзентацыю альбома-каталога мастака-кераміста М.Л.Несцярэўскага. Вікенцій Іванавіч прыехаў загаддзя на сваім аўтамабілі. Дзверы музея адчыніў сціплы, адкрыты чалавек невысокага росту ў касцюме. Гаварыў мала, але мне здавалася, што ва ўсім — як ён гаварыў, як слухаў і нават як маўчаў — было нешта патрэбнае, вельмі блізкае. Пасля гэтай сустрэчы і з’явілася ў музеі яго першая акварэльная работа “Пара летніх навальніц” (1982г.), якая экспануецца цяпер ў мастацкай міні-галерэі музея. На жаль гэта адзіная работа мастака ў фондах музея. Жыццё Вікенція Іванавіча Ражко абарвалася. Памёр раптоўна ў сваю 73-ю вясну.

Творчасць Вікенція Іванавіча Ражко — гэта ўклад у скарбніцу беларускага мастацтва, які будзе ацэнены не толькі сучаснікамі, але і нашчадкамі.

Галоўны захавальнік фондаў І.С.Якаўчык

596