Асоба ў гісторыі Навагрудчыны. Частка 7. Мікола Дучыц

2 кастрычніка 1896 года ў Любчы (Наваградскі павет) нарадзіўся Мікола Дучыц - мастак і графік.

Мікола Дучыц, нашчадак удзельніка паўстання 1863-1864 гг. перасяленца з Сербіі Самуэля Дучыца, скончыў школу ў Троках, у 1910-1914 гадах будучы мастак вучыўся ў Навагрудскім павятовым вучылішчы ў Васіля Іваненкі, які і адкрыў здольнасці Міколы да малявання.

У 1914 годзе юнак едзе ў Пецярбург вучыцца ў Школу Таварыства заахвочвання мастацтваў. Вучыцца давялося толькі два гады, бо маладога мастака мабілізавалі ў армію. Потым была Першая сусветная, грамадзянская вайна, палон, вяртанне ў Беларусь, вяртанне на Навагрудчыну, сям'я і дзеці, пастаянныя выклікі ў НКУС, допыты, пастарункі, і канешне праца, выставы, і зноў вайна...

З аднаго боку, мастак пражыў цяжкае жыццё, з іншага - колькі ўсяго ён зрабіў і колькі ўсяго ён нам пакінуў! А колькі Мікола Дучыц зрабіў на ніве выратавання старасветчыны, помнікаў дойлідства і сакральнага мастацтва. Ён быў выдатным знаўцам прыроды, маляваў беларускія краявіды, гістарычныя помнікі Беларусі. Асаблівую цікавасць выклікае вобраз Менску 1920-1930-х гадоў.

Работы Міколы Дучыца знаходзяцца ў музеях Беларусі, а таксама ў прыватных калекцыях Беларусі, Германіі, Польшчы, Японіі, Ізраіля, ЗША, Францыі, Нарвегіі і іншых дзяржаў. Многія працы мастака рэпрадуцыраваны.

861